Сімвал жыцця

29-1mini

Вось і вінаград паспеў. Духмяныя, пругкія ягады, звісаючы з лазы цяжкімі гронкамі, так і просяцца ў рот… У Галіны Сівак з Крупак вінаграду ажно пяць сартоў: Ізабэла, Алёша, Ізумруд, кішміш і яшчэ адзін, без назвы, – падарунак сяброўкі. Ягады і колерам адрозніваюцца – ад насычанага зялёнага да аксамітна-сіняга, і на смак розныя: ёсць і салодкія, і з лёгкай кіслінкай, і з прыемнай даўкай ноткаю.

Ураджайны год выдаўся сёлета для Галіны Іванаўны: парадавалі і вінаграднік, і сад – хіляцца долу галіны пад цяжарам яблыкаў. А навокал – насамрэч дзівоснае воблака спусцілася на зямлю. Толькі зусім не цуд гэта, а кветкі, што красуюць усімі колерамі вясёлкі. Здаецца, няма тут нічога дзіўнага. Але, пагадзіцеся, не кожная жанчына здолее пабудаваць сваімі рукамі дом і сярод штодзённых спраў знайсці месца для патаемнага, што надае сіл і натхнення ў розных сітуацыях.

Менавіта натхненне, цяга да прыгожага і кветкі дапамаглі Галіне годна вытрымаць усе жыццёвыя выпрабаванні.

– Добры дзень, мае госцейкі, – не паспелі мы выйсці з машыны, як аднекуль данёсся да нас прыветлівы жаночы галасок. – Я ўжо ўсе вокны прагледзела – нават не спадзявалася, што вы адважыцеся завітаць да мяне ў такую непагадзь…

Здавалася, не словы – мілагучная песня лілася з вуснаў Галіны Сівак.

29-2

Сапраўды, як толькі выйшлі з машыны, адразу ж у думках пагадзіліся з гаспадыняй: на вуліцы шчыравала няўтульная восень. Церушыў дожджык. Свінцовыя хмары гарнуліся да зямлі, хаваючы ад людзей сонца. Раз за разам налятаў калючы, пранізлівы вецер. Але здавалася, што на вуліцы – сонечна. І я доўга не магла зразумець, адкуль свецяць гэтыя промні. А калі зразумела, стала сорамна, што не адразу заўважыла: гэта было дзівоснае святло яе вачэй.

А яна ўжо завіхалася ў сваім агародзе. Радавалася ўраджаю вінаграду – яго ў гаспадыні ажно пяць сартоў: штосьці сама купіла, а штосьці сяброўкі далі. І раптам Галіна Іванаўна засумавала:

– Ведаеце, колькі ні старалася, а ўсё ж не дагледзела свой кішміш. Фітафтора з’ела яго. Прыйшлося ўсе гронкі да адной зняць і лісты таксама, каб на іншыя расліны хвароба не перакінулася. Так шкада было. Думала, сёлета пакаштуем. Не атрымалася…

29-12

29-11

29-10

І тут жа вочы яе зноўку засвяціліся:

– Гляньце, вось эксперымент праводжу: пачынае красаваць другі ўраджай бульбы. Праўда, не ведаю, што з гэтага выйдзе. Пакуль капаць не спрабавалі, але як жа нам усім цікава, ці атрымаецца што.

І сапраўды, сям-там на бульбоўніку нясмела пазіралі кветачкі, быццам дазволу пыталіся з’явіцца ўвосень. Але гэта не ўсе дзівосы з агарода Галіны Іванаўны – побач цвітуць і растуць агуркі з такім свежым водарам і такія апетытныя, што так і хочацца сарваць іх і ад душы пахрумсцець…

29-18

29-17

29-16

29-15

Падворак Галіны Іванаўны нібы ператварыўся ў шыкоўны дыван, вытканы восеньскімі фарбамі – жоўтымі, аранжавымі, пунсовымі, ружовымі, чырвонымі. Здаецца, усё патанае ў кветках. Уперамежку, тут жа, растуць і лекавыя расліны. Іх у Галіны Іванаўны шмат: піжма, мята, меліса, мацярдушка, дуброўка белая, рамонак лекавы.

– Іх, лекавых раслін, у мяне столькі, што адразу і не ўспомніць. Мая бабуля добра разбіралася ў травах. Ведала, якія зёлкі пры якіх захворваннях дапамагаюць. Сама ведала і мяне навучыла. Свой вопыт перадала і наказала: «Калі хочаш дапамагчы людзям – дапамагай шчыра, ад усёй душы, бескарысліва». Гэты яе наказ я запомніла на ўсё жыццё. Да мяне многія звяртаюцца. Просяць лекавыя зборы ад той ці іншай хваробы. І я кожнаму стараюся дапамагчы. Мне грошай не трэба, досыць шчырага «Дзякуй!».

29-14

29-9

29-8

І тут жа залілася звонкім смехам:

– Ведалі б вы, колькі да мяне хлопцаў прыходзіць! Кветак просяць, каб падарыць сваім дзяўчатам і жонкам. А хіба ж мне шкада? У гэтым і прызванне чалавека: дапамагаць іншым стаць шчаслівым. Я добра ведаю, як цяжка маладым уладкоўваць сваё жыццё, будаваць сям’ю…

Зноў сум прабег па яе вачах. Нават слёзы навярнуліся. Жанчына крадком змахнула іх:

– Што б ні казалі, а ў Беларусі самыя шчырыя і спагадлівыя людзі. Не ведаю, што б я рабіла без дапамогі суседзяў, калі ў 1990 годзе мы з сям’ёй пераехалі ў Крупкі з Нароўлі, з зоны радыяцыі. Прыйшлося зноў будаваць дом, уладкоўваць сям’ю. Цяжка, вельмі цяжка было, асабліва калі застаешся сам-насам са сваёй праблемай ды ў чужой старонцы…

29-7

29-6

29-5

29-4

Галіна Іванаўна – будаўнік па прафесіі, таму літаральна ўласнымі рукамі паставіла свой дом у Крупках. Нежаночая гэта справа, але сям’я і дзве маленькія дачушкі – Святлана і Вольга – не дазволілі маці здацца.

Гледзячы ў яе чыстыя, шчырыя вочы, адразу і не здагадаешся, праз што прайшла гэтая жанчына, што яна перажыла. Вытрымала ўсе нягоды жыцця – і не зламалася. Напэўна, таму, што заўсёды старалася дапамагаць людзям. Шчыра, ад усёй душы, не просячы нічога ўзамен. Сапраўды, што б ні казалі, а дабрыня і добрыя думкі – вяртаюцца…

Рэцэпт энергетычнага напою ад Галіны Іванаўны, які і сіл дасць, і стому прагоніць, і імунітэт палепшыць:

29-13

Неабходна ў роўных прапорцыях узяць высушаныя кветкі рамонку, эхінацэі пурпурнай, мацярдушкі, мяты і мелісы. Заварыць кіпнем. Настойваць некалькі хвілін. Ужываць можна замест гарбаты і ў якасці халоднага напою, які выдатна наталяе смагу.

Мята – заспакаяльны сродак, дапамагае пры бяссонніцы і галаўных болях. Надае напою выдатны водар і смак.

Эхінацэя пурпурная – умацоўвае імунітэт, з’яўляецца супрацьвірусным сродкам. Расліна багатая на жалеза, кальцый, крэмній і селен.

Мяцярдушка – дапамагае пры стрэсах і дэпрэсіях, валодае болесуцішальным эфектам, стымулюе апетыт.

Рамонак – спазмалітык, супрацьмікробны сродак, супакойвае галаўныя болі і паляпшае страваванне.

29-3

Фота Святланы Курэйчык

Крыніца

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.