У Амерыцы беларускі студэнт Антон Трафімовіч пачаставаў замежнікаў дранікамі ўласнага прыгатавання. Што з гэтага атрымалася.
«Гэта каштавала мне 81 долар — грошы на прадукты для дранікаў і друк фотак выхадцаў з Беларусі, — каб праз 30 хвілін пасля прэзентацыі аб Беларусі кітайская студэнтка сказала «дзякуй». Па-беларуску, – кажа Антон Трафімовіч. – Уклаўшы 81 долар, я атрымаў 109 замежнікаў, якія ведаюць, што такое Беларусь, правільна вымаўляюць па-англійску Belarussian, могуць сказаць «вітаю» і «пакуль», ведаюць, што такое дранікі і клёцкі, ведаюць, што беларусы — гэта далёка не рускія. За 81 долар 109 замежнікаў ведаюць, што Беларусь — ці не найпрыгажэйшая краіна Еўропы, што хоць у нас і няма гор, тут можна заблукаць у лесе, гойсаць на веласіпедзе па вясковых дарогах, катацца на конях ўзімку. 81 долар — і кожны з 109 замежнікаў ведае, што Беларусь — гэта краіна, дзе выхаваліся Шагал і Малевіч, што выхадцы з гэтай краіны змянілі гісторыю Амерыкі ды ўсяго свету. 81 долар, патрачаны на бульбу, цыбулю, грыбы ды фарш, — і 109 замежнікаў ведаюць смак беларускіх страў, і кажуць «дэлішас», і пытаюць, ці можна гэта пакаштаваць у рэстарацыі ў любым горадзе Беларусі, і, нарэшце, як атрымаць візу ў Беларусь. Ідзіце лесам тыя, хто кажа, што ў Беларусі няма чаго рабіць і што ніхто туды ніколі не паедзе! І што «савок» нікому не цікавы, і што лепш бы беларусам самім з’ехаць з Беларусі. Праз паўгадзіны прэзентацыі і 81 долар на ваша месца згодны прыехаць любы са 109 замежнікаў».
Цяпер на ягонай старонцы ў Facebook можна ўбачыць прыемныя водгукі пасля вечарыны: «I want to go to Belarus and eat the food there now!! Good job thanks for the presentation & food!)».
Антон Трафімовіч нарадзіўся ў Слоніме. Скончыў Белдзяржуніверсітэт, факультэт журналістыкі. На год з’ехаў у ЗША, вучыцца ў мясцовым універсітэце. Апроч таго, вядзе блог «Амерыка Антона Трафімовіча».
Добавить комментарий