Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту запрашае дзяцей і дарослых на музейныя мерапрыемствы, прысвечаныя святкаванню на Беларусі старажытнага свята Масленіца.
19 лютага 2012 года –«Сустрэча Масленіцы»
26 лютага 2012 года – «Провады Масленіцы».
Святочныя мерапрыемствы ў гэтыя дні будуць працягвацца з 11 да 16 гадзін. Канцэрт фальклорных калектываў пачнецца а 12 гадзіне. Падчас свята можна даведацца, што значыць «Масленіца» і як у старажытнасці яна святкавалася: з якіх свят і прысвятак складалася, якія стравы падаваліся да стола і каму аказвалі асаблівую пашану.
Масленічныя абрады і дзеянні здаўна былі накіраваны не толькі на забеспячэнне аховы сям’і і грамады, але і садзейнічалі набліжэнню вясны. Правесці матухну -Зіму дапамогуць спевы і карагоды ў выкананні лепшых фальклорных гуртоў: народнага ансамбля музыкі і песні «Мінскія музыкі», народнага фальклорнага калектыва «Мілавіца», народнага фальклорнага ансамбля «Дубравіца» Рычоўскага цэнтра традыцыйнай культуры, народнага ансамбля народнай песні «Сваты» Жыткавіцкага раённага цэнтра культуры.
Асаблівасцю свята «Сустрэча Масленіцы» стане паказ унікальных абрадаў і традыцыйных элементаў святкавання Масленіцы, сумесны выраб пудзіла Зімы, якое спальвалася ў апошні дзень святочнага тыдня – Даравальную нядзелю.
«Провады Масленіцы» ўразяць асаблівай весялосцю і гуллівасцю, характэрнымі для Праводнай нядзелі – апошняга дня масленічнага тыдня. Менавіта ў гэты дзень і будзе спалена вырабленая ў дзень сустрэчы Масленіцы пудзіла Зімы. Калі ж вы хочаце пазбавіцца ад старых праблем і турбот, нясіце старызну, якую таксама спаліце на гэтым вогнішчы.
Кожны наведвальнік зможа набыць смачны пачастунак – традыцыйны масленічны блін – сімвал веснавога сонейка.
У музеі на Масленіцу будзе ладзіцца конкурс «Масленічная лялька-2012». Матэрыял і памеры лялек залежаць толькі ад фантазіі творцаў! Конкурс пройдзе 19 і 26 лютага гэтага года. Пераможцаў чакаюць прызы!
Спяшайцеся далучыцца да кірмашовых забаў: глядзіце прадстаўленне народнага лялечнага тэатра «Батлейка», гуляйце ў народныя гульні, танцуйце беларускія танцы, гушкайцеся на арэлях, частуйцеся рознымі прысмакамі, набывайце лепшыя сувеніры ад народных майстроў! Таксама прапануецца катанне на конях і гужавым транспарце.
Зацікавіліся? Тады чакаем вас на нашых святах 19 лютага 2012 года – «Сустрэча Масленіцы» і 26 лютага 2012 года – «Провады Масленіцы».
Кошт квіткоў для ўсіх катэгорый наведвальнікаў – 20 000 руб.,
дзеці дашкольнага ўзросту – бясплатна.
Кошт катання на гужавым транспарце: маршрут № 1 – 2500 руб.
Экспазіцыя музея працуе з 10.00 да 17.00. Каса працуе з 10.00 да 16.30.
Шаноўныя наведвальнікі! Калі ласка, паклапаціцеся аб абутку і вопратцы згодна з пагоднымі ўмовамі. Святы «Сустрэча Масленіцы» і «Провады Масленіцы» адбудуцца пры любым надвор’і !
Як нас знайсці?
Музей знаходзіцца ў 4-х км ад МКАД за аўтарынкам «Малінаўка» за в. Азярцо.
Праезд ад аўтастанцыi «Паўднёва-Заходняя» прыгараднымі аўтобусамі ў накірунку: Мiнск–Гарадзiшча, Дубянцы, калгас Калініна, Заходнія могілкі.
Расклад руху: аўтобус № 203 — 9:15; 12:00;15.50 – на тэрыторыю музея; аўтобусы №№ 262, 363, 277, 325, 357 – 9:40; 10:00; 10:25; 11:40; 12:20; 14:15;14:40;14.55;16:05 – да прып. «Музей».
Дадатковыя рэйсы плануюцца : а) ад аўтастанцыi «Паўднёва-Заходняя» з 10.00 да 12.00, б) ад музея да аўтастанцыi «Паўднёва-Заходняя» з 15.00 да 17.00.
Добавить комментарий