Свята бульбы ладзілі на Слонімшчыне

Сапраўднае Свята бульбы ладзілі ў вёсцы Дзераўная, што на Слонімшчыне, работнікі раённага метадычнага цэнтра і Дзераўноўскага цэнтральнага Дома культуры на пачатку кастрычніка.

Справа ў тым, што мясцовы сельгаскааператыў займаецца вырошчваннем элітных сартоў бульбы. Здабытак і Скарб, Журавінка і Крыніца ўрадзілі сёлета на славу. Дык як жа не апець наш другі хлеб, якому і гонар, і пашана.

Вялікае свята атрымалася яркім і насычаным. Госці і жыхары вёскі пачулі не толькі гісторыю пра бульбу, але і самі змаглі паўдзельнічаць у цікавай гульнёвай праграме. З песнямі-прыпеўкамі, вершамі і танцамі… Нават конкурс на самую мудрагелістую бульбу быў, якая ў каго вырасла. А ад выставы страў з бульбы было вачэй не адарваць. Бо народ беларускі іх ведае з паўтысячы, а мо і болей! На свяце можна было бульбачку адведаць і нават рэцэпт атрымаць – гатуйце на здароўе! Вельмі дарэчы быў прыезд на свята і мадэльера-менеджэра “Салона картапляных навук”, бо без навукі сёння добрая бульба не ўродзіць…

– А “Бульбашом-2011” стала Наталля Занімонская, – паведамляе дырэктар раённага метадычнага цэнтра Галіна Сегень. – Яна найлепш справілася з адказамі на розныя бульбяныя пытанні і атрымала галоўны прыз – мех элітнай бульбы.

Галіна Раманчук

Источник

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.