Дзявяты год на тэрыторыі Любанскага раёна ладзіцца свята Русальнай нядзелі. Вялікую работу для правільнага выканання абрадаў мерапрыемства праводзіць загадчык лабараторыі па фальклору Любанскага раённага Цэнтра культуры і вольнага часу Сяргей Выскварка.
Зараз Русальную нядзелю на Любаншчыне па чарзе адзначаюць у васьмі вёсках. Сёлета Русалле адбывалася ў два этапы: удзень свята прайшло ў Загаллі, мастацкія калектывы з Дамоў культуры Соснаў-2, Палічына і Малых Гарадзяцічаў гасцінна сустракаў дырэктар Загальскага ДК Мікалай Малейчык. Увечары прадстаўнікі ўстаноў культуры Камуны, Соснаў-1 і Кузьмічоў сабраліся ў Нежыне. Тут гаспадыняй была дырэктар Нежынскага сельскага Дома культуры Святлана Шаўцова.
– У гэтым годзе мы ўпершыню ладзілі свята ўвечары, як гэта рабілі і нашы продкі, – расказвае Сяргей Георгіевіч Выскварка. – І адчуванне такое, што менавіта так і павінна быць! Адна справа, калі песні спяваюцца і абрады выконваюцца днём. І зусім іншая – у прыцемках, калі ўжо змаўкаюць птушкі, заглушаюцца іншыя гукі прыроды: народныя абрадавыя песні тады здаюцца чароўнымі. Ды і сядзець каля вогнішча ноччу – гэта зусім не тое, што бачыць яго днём.
Акрамя таго, што абрад у Нежыне прыняў нарэшце сваю архаічную форму, былі тут і іншыя адметнасці. Напрыклад, упершыню ў раёне на Русалле праводзіўся абрад падымання кола: драўлянае кола ад старога воза запалілі ў вогнішчы, пасля мужчыны на доўгіх шастах паднялі яго ў неба, апусціўшы, абнеслі тры разы вакол вогнішча і спалілі. Цікавым з’яўляецца тое, што запісаны гэты абрад быў ад жыхаркі Нежына Розы Шаўцовай яшчэ дзесяць гадоў назад, і толькі зараз – і менавіта ў гэтай вёсцы – яго паспрабавалі правесці.
– Русалле на Любаншчыне сёлета наведалі госці з многіх гарадоў Беларусі, – далей распавядае Сяргей Георгіевіч. – У многім пасадзейнічала гэтаму распаўсюджанасць інтэрнэту. На некаторых сайтах, у прыватнасці, у папулярных сацыяльных сетках, была змешчана інфармацыя аб правядзенні свята. Дзякуючы глабальнай сетцы многія зацікаўленыя людзі (большасць – моладзь, студэнты) наведалі Русальную нядзелю – прыехалі яны і з Мінска, і з Гомеля, і з Магілёва, і з раённых цэнтраў гэтых абласцей. Таксама былі прадстаўнікі шматлікіх сродкаў масавай інфармацыі, госці з устаноў культуры сталіцы. Прадстаўнікі турыстычнай фірмы «Адпачынак у вёсцы», наведаўшы свята, вырашылі ўключыць любанскае Русалле ў пералік аб’ектаў аграэкатурызму.
Як адзначыў Сяргей Выскварка, раней тое ж Русалле не выклікала вялікага ажыятажу, а зараз любанчане ўжо прызнаюць яго сваім, цэлымі вёскамі прыходзяць на яго. Выдатна, што з кожным годам такія мерапрыемствы збіраюць усё больш народу. Некаторыя наведваюць святы, каб аддаць даніну традыцыям продкаў, нехта цікавіцца гісторыяй, культурай і этнаграфіяй, а хтосьці прыходзіць сюды, каб павесяліцца, пабавіць час і атрымаць шмат пазітыўных эмоцый – гэта ж так цікава!
16 лет жила В любани ни разу не слышала… жалко, хоть бы в районке объявление давали, а то все пост фактум узнаешь