У адрозненне ад большасці еўрапейскіх краін, у Беларусі амаль зусім страчаны рытм штогадовага піўнога календара. Гістарычна ва ўсіх краінах Еўропы (прынамсі, на поўнач ад Альпаў, Пірэнэяў і Балканаў) піва было найбольш старажытным і масавым з алкагольных напояў, а яго вытворчасць і спажыванне былі выразна прывязаныя да гадавога сельскагаспадарчага цыклу. Пік спажывання прыпадаў на кастрычнік — пачатак лістападу, сезон Актобэрфестаў, Дажынак, Дзядоў і іншых такіх святаў. Час найвялікшага багацця пасля збору чарговага ўраджаю, калі запасы збожжа дазвалялі ў тым ліку назапасіць і солад на зіму. Увесну, у сакавіку, з апошніх запасаў соладу і хмелю, нярэдка і з талай вады, нібы сімвалізуючы абуджэнне прыроды, варылася вядомае па ўсёй Еўропе “марцовае” (сакавіцкае) піва. Улетку піва варылі адносна рэдка — цяжка было знайсці час у бясконцай чарадзе палявых прац, ды і псавалася яно вельмі лёгка, хоць асобныя вехі і летняга сельскагаспадарчага сезону заслугоўвалі сваіх піўных свят. З прыняццем хрысціянства на гэты цыкл наклаўся гадавы цыкл хрысціянскіх свят і пастоў, якія надалі штогадоваму «піўному рытму» хрысціянскі міфалагічны сэнс і эстэтычныя каноны. Так паступова выпрацаваўся штогадовы піўны каляндар. У цэлым агульны для ўсіх еўрапейскіх краін, але са значнымі мясцовымі нюансамі, якія ўлічвалі своеасаблівасць кожнай краіны ці рэгіёна — клімат, эканамічную спецыфіку, канфесійныя адрозненні паміж галінамі хрысціянства.
У праваслаўнай Русі (Русі ўвогуле, уключаючы Беларусь і Ўкраіну) найбольш часта святочнае піва варылася да наступных дат:
« на Масленіцу,
« на Вялікдзень,
« да Міколы веснавога (9 траўня ст.с.),
« на Ўшэсце (40-вы дзень пасля Вялікадня),
« на Сёмуху (49-ты дзень),
« на Пятроў дзень (29 чэрвеня ст.с.),
« на Іллін дзень (20 ліпеня ст.с.),
« да Сёмінага тыдню (1-8 верасня),
« на Прачыстую (20 верасня),
« да Казанскай Божай маці (22 кастрычніка),
« на Змітроўскую суботу (паміж 31 кастрычніка і 8 лістапада — паміж 18-26 кастрычніка старога стылю),
« на Міхайлаў дзень (21 лістапада — 8 лістапада старога стылю),
« на Міколу (зімняга) (19 снежня — 6 снежня старога стылю),
« (25 снежня),
« на святога Васіля (пярэдадзень Новага года, “сытую куццю”)
Натуральна, у праваслаўных Беларусі былі распаўсюджаныя галоўным чынам тыя ж агульнарускія каляндарныя традыцыі, прытым з усіх гэтых «піўных нагодаў» у Беларусі больш за ўсё фальклорных слядоў пакінулі Сёмуха, Дзмітраўскія “Дзяды”, дні святога Міхала і святога Мікалая. Практычна пра кожны з гэтых дзён ёсць нейкая «піўная прымаўка». Напрыклад, пра святога Змітра 8 лістапада (26 кастрычніка) і пра суботу, якая папярэднічала гэтаму дню — Дзмітраўскія “Дзяды”, дні памінання продкаў:
«Святы Змітры — людзі хітры, чаны параць, піва вараць, сыноў жэняць, дачок даюць»; «У Змітроў дзень і верабей пад кустом піва варыць» — гэты перыяд паміж пастамі быў найболей спрыяльным для вяселляў як з рэлігійнага, так і з гаспадарчага пунктаў гледжання: асноўныя сельскагаспадарчыя працы скончаныя, з’явілася магчымасць шырока адзначыць свята, склікаць шматлікую радню, і ў тым ліку сварыць змітроўскае піва. На дзень святога Мікалая — 19(6).12 — «У Мiколiн дзень у ўсякай хаце пiва». Аналагічныя прыказкі вядомыя і ў Расіі: «В Николин день во всяком доме пиво», «Красна Никольщина пивом да пирогами» і г.д. Традыцыя, якая дажыла нават да нашых дзён, напрыклад, у гуртку традыцыйнага піваварства, што захаваўся ў пажылых жыхарак вёскі Асавец у Бялыніцкім раёне Магілёўскай вобласці. Дарэчы, іншай традыцыйнай датай для святочнага піваварства ў Асаўцы здаўна лічыўся дзень святога Юр’я — але не пазней, далей ужо надыходзіў перыяд нефармальнай летняй забароны на піваварства. Як пісаў у 1890-х гг. вядомы беларускі этнограф Нікіфароўскі на матэрыяле Віцебскай губерні, “простае” ячменнае піва… гатавалася на адмысловых броварах, ці хатнімі сродкамі, да восеньскіх і зімовых святаў. У апошнім выпадку яно звалася “пакроўскім, змітроўскім, міхайлаўскім, мікольскім”. Тут піва часта варылася некалькімі сем’ямі разам у велізарных катлах, або супольна сабранае збожжа (солад) аддаваліся ў найбліжэйшыя бровары, адкуль братчыкі атрымлівалі піва прапарцыйна выдадзенаму матэрыялу. Піва магло быць толькі святочным, гасцінным напоем… варта сказаць, што, не ачмураючы галовы, яно служыла прыемным, прынадным, здаровым напоем..».
— Пiва ў нас натуральнае, — кажа Лiдзiя Андрэеўна Бабкова, галоўная жанчына ў справе пiваварэння Асаўца. — Ячмень трэба прарасцiць, высушыць i падсмажыць, каб у напою быў прыгожы колер, такi румяны, i прыемны смак — ядраны. Потым патаўчы ячмень у ступе i запарыць кiпенем. Далей пакласцi дрожджы, хмель — i няхай яно працуе. А тады цадзiць. Пiва ў Асаўцы здаўна гатавалi на «зiмняга» Мiколу — гэта ў снежнi. Тады, калi работы, звязаныя з уборкай ураджаю, завяршылiся i ў сялянак з’яўляецца вольны час. А гэтым часам у жанчын Асаўца яшчэ шмат клопатаў .
У каталікоў, асабліва ў гістарычнай Літве, якая ўключала таксама паўночны захад цяперашняй Беларусі (Гарадзенская вобл., поўнач Брэсцкай, захад Менскай і Віцебскай абласцей) найбольш вылучаліся дзве каляндарныя нагоды для піваварства. Яны сфармаваліся яшчэ ў паганскія часы, але пазней былі пераасэнсаваныя ў хрысціянскім духу. Першы — увесну ці раннім летам (на Сёмуху, ці ў тыдзень ад св. Яна да св. Пятра), другі — увосень, пасля збору ўраджаю (на Ўсіх Святых, або Дзяды — 1-2 лістапада). У гэтыя выпадкі піва варылі ў складчыну, усёй сельскай грамадой. Пра гэта пісалі польскія гісторыкі Ян Длугаш, Мацей Стрыйкоўскі і многія іншыя аўтары. У Літве яшчэ напачатку 20 у. піва на Сёмуху варылі ўсёй вёскай з апошняга збожжа леташняга ўраджаю. Традыцыя варыць піва кожны год на Вялікдзень, у самым пачатку 20 ст., у каталікоў Сакольскага павета зафіксаваная, напрыклад, у мемуарах вядомага дзеяча нацыянальнага руху Баляслава Грабінскага:
У нашай хаце кожны год на Вялікдзень дзед варыў піва й ужо перад вербніцай заліваў рошчаны ячмень і хмель у ставеньцываранаю вадою, каб ферментавала некалькі дзён і было гатовае перад Вялікаднем выцадзіць у бочачку й анталак. Піва выходзiла дванаццаць вёдзер — дзесяцівядзёрная бочка й двухвядзёрны анталак. Маладое піва шпундавалася (закаркоўвалася) ў дубовых бочачках і чатыры-пяць дзён даспявала. Піва было духмянае, бо дзед не шкадаваў хмелю. Хмель быў свой, рос у садку каля плоту й віўся па тычкох. Увосені, як даспеў, нашым, дзiцячым, абавязкам было сабраць кунюты (парасткі), злажыць у драўляны кадлубак і накрыць вечкам, каб ня выветраў. Півам частаваў дзед некаторых суседзяў, гасцей, якіх мы мелі заўсёды на Вялікдзень, і сваёю сям’ёю пілі са два тыдні па святах.
Але ўвогуле, у каталікоў улетку піва варылі радзей, чым у праваслаўных. Агульнаеўрапейскі каталіцкі звычай наогул не прадугледжваў, каб піва варылі ўвесну і ўлетку — па традыцыі ад св. Юрыя (23 красавіка) да св. Міхала (шмат стагоддзяў святкавалі 11 кастрычніка, пазней перанесены на 29 верасня). Прычынай былі як брак запасаў збожжа леташняга ўраджаю, так і значна большая рызыка псавання піва, а таксама небяспека пажараў. Найболей строга трымаліся гэтага правіла ў Нямеччыне, у прыватнасці, у Баварыі на гэты конт у 1539 г. быў прыняты адмысловы Brauordnung (закон, які рэгуляваў тэхналогію піваварства). Пра рызыкоўнасць піваварства на св. Яна (Купалу ў паганскай традыцыі) нагадвае польская прымаўка: Na święty Jan kwas w piwo, robak w mięso, a diabeł w babę wstępuje (На св. Яна піва кісне, у мясе заводзяцца чарвякі, а ў бабу ўсяляецца чорт). Аднак, у Літве і Беларусі гэтае правіла выконвалася не надта строга. Сама прымаўка сведчыць, што піва на св. Яна ўсё ж час ад часу варылі. Яшчэ адзін каталіцкі святы, чый дзень памяці лічыўся ў гістарычнай Літве «піўным» (28/10) — св. Мацвей, апостал. Традыцыі гэтага дня апісаў літоўскі этнограф Л. Юцэвіч, які служыў, дарэчы, у Лепелі праваслаўным святаром. Зрэшты, гэта свята практычна супадала з Днём Усіх Святых (Дзядамі), якія, магчыма яго «паглыналі». Таксама ў шматлікіх каталіцкіх прыходах варылі піва на адпуст (усеагульнае набажэнства за адпушчэнне грахоў у дзень памяці святога ці свята Хрыстовага ці Марыйнага цыклаў, чыё імя носіць парафіяльны касцёл). На такія святы з’язджалася радня і з іншых парафій.
На жаль, за апошнія два стагоддзі ў Беларусі традыцыйны піўны каляндар грунтоўна забыты. Вядома, паўсядзённае жыццё ва ўсім свеце стала больш незалежным ад гадавога сельскагаспадарчага цыклу. А ў Беларусі ў дадатак былі вельмі моцна разбураная гістарычная памяць, карпаратыўная культура, а галоўнае — знік клас незалежных вытворцаў у сельскай гаспадарцы, галоўных носьбітаў каляндарных традыцый. Але піўной супольнасці краіны, якая павольна акрэсліваецца, штогадовы каляндар «піўных дат» вельмі патрэбны. Бо, напрыклад, да сакавіцкіх ці кастрычніцкіх піўных свят можна было б варыць адмысловыя сезонныя гатункі, праводзіць фэсты, галіновыя святы і выставы, планаваць разнастайныя рэкламныя акцыі. Гэта дазволіла б фармаваць больш цывілізаванае і прадказальнае канкурэнтнае асяроддзе. А таксама — павысіць культуру спажывання піва, ў тым ліку, змяншаючы ўзровень побытавай злачыннасці і робячы больш разнастайным і асэнсаваным вольны час.
Александр Белый
Добавить комментарий