Наш народ, прыветлівы і гасцінны, здаўна славіўся сваімі гасцявымі кірмашамі. На Любаншчыне, напрыклад, на Тройцу чакаюць далёкіх і блізкіх сяброў і сваякоў жыхары Ямінска, на Вялікдзень ўсе з’язджаюцца ў Пласток, а на Петрака гасцявыя кірмашы ладзяцца ў Шыпілавічах.
З часам старыя традыцыі забываюцца, і ў тых жа Шыпілавічах нямногія могуць успомніць, як жа святкавалі Петрака, хаця ўсе ведаюць, што ў гэты дзень у вёсцы вялікае свята. Каб адрадзіць некаторыя традыцыі, у Дзень Святых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла раённым Цэнтрам культуры і вольнага часу г. Любані ў вёсцы Шыпілавічы былі арганізаваны святочныя мерапрыемствы.
Трэба адзначыць, што на чатыры дні Шыпілавічы сталі выбітным культурным цэнтрам Любаншчыны. Сюды з’ехалася больш за паўсотні маладых апантаных зацікаўленых людзей, прычым не толькі з нашай краіны, але і з Расіі. У прыватнасці, пасля ўдзелу ў першым фестывалі мастацтваў беларусаў свету, які праходзіў у межах «Славянскага базару» ў Віцебску, на Любаншчыну прыехалі беларусы Прыбайкалля – гурт «Крывічы» з Іркуцка. Адчуванне было такое, што Шыпілавічы наведалі госці з мінулага: на вуліцах вёскі ўвесь час можна было сустрэць людзей у самаробных беларускіх народных строях. Напярэдадні свята на працягу трох дзён у Шыпілавіцкім клубе працавала танцавальная школа. Падчас яе работы Сяргей Выскварка, загадчык арганізацыйна-метадычнага аддзела Любанскага раённага Цэнтра культуры і вольнага часу, вучыў моладзь правільнаму выкананню многіх беларускіх народных танцаў; таксама двойчы маладыя людзі наведалі Дом хлеба ў Ляхаўцы, дзе пад кіраўніцтвам Ірыны Жудрык пабачылі пра-вільнае выпяканне хлеба па старажытных народных рэцэптах. Таксама жыхары Шыпілавіч і госці свята прынялі ўдзел у вечарыне пад гармонік і дуду, дзе танчылі народныя танцы і гулялі ў старажытныя гульні. Арганізатарам школы побытавага танца стала Настасся Кухарэнка, выпускніца першага складу фальклорнага калектыву «Верабейкі» Любанскага РЦК. Вырашэннем бытавых праблем, звязаных з ежай і начлегам для гасцей, займалася сям’я Настассі.
Нарэшце, у аўторак усе прынялі ўдзел у святкаванні Петрака. Апоўдні ў вёску наведаўся айцец Віктар, настаяцель храма Прэабражэння Гасподняга ў г. Любані. Ён адслужыў малебен каля прыдарожнага ахоўнага крыжа і расказаў біблейскую гісторыю жыцця апосталаў Пятра і Паўла, адказаў на некаторыя пытанні ўдзельнікаў свята.
Урачыстыя мерапрыемствы працягнуліся перад сельскім Домам культуры. Канцэртная праграма была падрыхтавана сіламі работнікаў Шыпілавіцкага СДК, аднак акрамя мясцовых артыстаў выступілі тут мастацкія калектывы з іншых населеных пунктаў раёна, а таксама прыезджыя госці з Мінска, Масквы і Іркуцка. Калі пачаліся танцы пад гармонік, нямногія змаглі ўседзець на месцы і пусціліся ў скокі, успамінаючы папулярныя ў былыя гады танцы. Лявоніха, карапет, акуліна – аказалася, што многія ўмеюць няблага іх танчыць (мажліва, у гэтым ёсць заслуга і майстар-класаў Сяргея Выскваркі). Пасля надышоў час віншаванняў. Пятры і Паўлы, юбіляры вёскі, маладыя мамы і некаторыя іншыя жыхары Шыпілавіч атрымалі падарункі, якія набыло для іх кіраўніцтва гаспадаркі ААТ «Чырвоная змена» імя Кузьмы Шаплыкі».
Рэканструкцыя каляндарна-абрадавага свята Пятровіца пачыналася ў 19 гадзін. Да гэтага часу ў гасцей была магчымасць азнаёміцца з вёскай; назбіраць кветак і сплесці вянкі, якія абавязкова патрэбны былі ўвечары; а таксама пабываць у імправізаваных музеях. Дзве гаспадыні Шыпілавіч абсталявалі іх у сваіх уласных хатах. Адна з іх – Настасся Іванаўна Баярына – у свой час вышывала гладдзю, і зараз ва ўсіх пакоях сваёй хаты разаслала вышытыя сурвэткі, покрывы і рушнікі, якія па прыгажосці нічым не саступалі сапраўдным музейным экспанатам. Сама гаспадыня гасцінна сустракала тых, хто наведваўся да яе ў хату, з задавальненнем адказвала на пытанні гасцей свята, паказвала падворак, расказвала пра сваё жыццё і нават успомніла танцы, гульні і гаданні сваёй маладосці.
Сапраўдным экскурсаводам другой хаты-музея была Наталля Анатольеўна Крэмень, настаўніца гімназіі №1 г. Любані. Маці яе, Любоў Рыгораўна Крэмень, у ранейшыя часы няблага вышывала і вязала, а бабуля, Еўдакія Іванаўна Марчанка, выдатна ткала. Саматканыя рушнікі і посцілкі бабулі, вышыванкі і вязаныя сурвэткі матулі паказвала наведвальнікам сваёй хаты Наталля Ана-тольеўна. У сваім апове-дзе яна спынілася на розных тэхналогіях ткацтва, прадэманстравала гарадскім гасцям фіранкі і падузорнікі, расказала аб прызначэнні карункаў. Цікавая экскурсія, незвычайны міні-музей – усё гэта вельмі спадабалася гасцям свята.
Увечары, падзяліўшыся на некалькі груп, удзельнікі свята ў нацыянальным убранні пайшлі па вуліцах Шыпілавіч. Спяваючы народныя песні і водзячы карагоды, яны запрашалі далучыцца да святкавання ўсіх жыхароў вёскі. Сустрэліся разам усе на скрыжаванні вуліц. Для правядзення абрада Петрака была выбрана паляна за садам (па-мясцоваму – лужок): прыгожае, зручнае і ўтульнае месца. Акрамя жыхароў Шыпілавіч і гасцей свята, у абрадзе прынялі ўдзел гурты «Баярынькі» Ляхаўскага і «Глыбокія крыніцы» Закальнецкага СДК, а таксама мастацкія калектывы Юрковіцкага і Шыпілавіц-кага сельскіх Дамоў культуры. Жанчыны вадзілі карагоды вакол вогнішча, спявалі пятроў-скія песні, кідалі праз плячо соль у агонь. Забіяцкім і вясёлым аказаўся абрад кумлення, прыняць удзел у якім маглі толькі маладыя дзяўчаты і хлопцы, незамужнія ды нежанатыя. Дзяўчына надзявала свой вянок на галаву юнака, з якім хацела пакуміцца, і пасля гэта пара, трымаючыся за рукі, пераскоквала праз вогнішча. Юнак вяртаў вянок на галаву сваёй сяброўкі, і яны цалаваліся над вогнішчам.
Неўзабаве пачаліся танцы, вяселле цягнулася да ночы. Акрамя «духоўнай ежы» была тут і сапраўд-ная: усе жада-ючыя маглі па-святочнаму падсілкавацца, пакаштаваўшы смачныя блінцы і цудоўны самапечаны хлеб. Ну і, вядома, не абышлося без традыцыйнай духмянай юшкі, якую абавязкова робяць на гэта свята, успамінаючы такім чынам, што апостал Пётр быў рыбаком. Ажно 30 літраў юшкі прыгатавала для свята сям’я дырэктара Шыпілавіцкага СДК.
…Любаншчына неаднаразова збірала многіх аматараў і пры-хільнікаў народнага фальклору і нацыянальнай культуры на традыцыйных беларускіх святах. Выдатна, што на святкаванне збіраюцца людзі з многіх куткоў нашай краіны і нават з-за яе мяжы. Аднак сумным застаецца той факт, што саміх любанчан, жыхароў як горада, так і раёна, збіраецца сюды зусім ня-шмат. Хаця вельмі хацелася б, каб менавіта любанчане, а не прыезджыя, цанілі гэтыя выдатныя святы. Дык давайце захоўваць тыя цудоўныя рэчы, што мы маем на роднай любанскай зямлі! Давайце памятаць іх і ганарыцца імі, каб у будучым не давялося плакаць з-за таго, што мы іх згубілі!
Настасся ЛАПЦІК
Фота аўтара
Добавить комментарий