На Беларускім відэацэнтры рэжысёр Аляксей Раковіч зрабіў вось ужо чатыры фільмы, прысвечаныя гісторыі беларускай кухні — «Мясныя прысмакі», «Супы і сытыя стравы», «Бульбяныя прысмакі» і «Хмельныя напоі». Глядзяцца гэтыя фільмы сапраўды «смачна»: у іх не толькі распавядаецца пра спрадвечныя традыцыі харчавання беларусаў розных саслоўяў у розныя часы, але і самі серыі цыкла, кожная з якіх мае працягласць трохі больш за 20 хвілін, зроблены з душой, паведамляе «Звязда».
Тут пастараліся і аператар Сяргей Торбік, і аўтары сцэнарыя Таццяна Шахавец і Алесь Белы, і мастак па касцюмах Дар’я Раманава, і графікі Максім Носаў і Юлія Васільева, Кірыл Блахін, Таццяна Сіплевіч. І кансультант Таша Капаценка. Акурат па яе ініцыятыве да праекту і быў прыцягнуты вядомы знаўца старадаўняй беларускай кухні Алесь Белы. Рэжысёр Аляксей Раковіч вельмі дакладна падабраў тыпажы і беларускія характары, выбраўшы на іх ролі нашых вядомых акцёраў. Так, у розных серыях з’яўляюцца Генадзь Аўсяннікаў, Анжэла Караблёва, Мікалай Рабычын, Аляксандр Кашпераў, Васіль Грынь, Павел Харланчук, Канстанцін Міхаленка ды іншыя. Прычым гэта персанажы не аднаразовыя і не выпадковыя. Некаторыя з іх пераходзяць з серыі ў серыю.
— Гэта таксама была адна з мэт праекта, — распавядае дырэктар Беларускага відэацэнтра Юрый ІГРУША, — запрасіць вядомых беларускіх акцёраў менавіта для стварэння галерэі беларускіх партрэтаў. І хоць гэта не дарагі праект, акцёры пагаджаліся працаваць толькі таму, што разумелі яго важнасць. Пытанне грошай не стаяла на першым месцы.
А праект сапраўды падаецца вельмі значным. Магчыма, гэта нават першая спроба стварыць гэткую кінагісторыю беларускай кухні. Кожная серыя — гэта не проста кніга рэцэптаў, хаця і без рэцэптаў не абыходзіцца. Ігар Сідорчык, чытаючы закадравы тэкст, распавядае, як, напрыклад, гатаваць беларускую верашчаку, вантрабянку, зразы, шупеню, бацвінне, крупнік (густы наварысты суп, асноўная ежа для сялян і збяднелай шляхты на працягу многіх стагоддзяў), граматку, бульбянік, дранікі ды бульбяную кішку. Расказвае падрабязна і грунтоўна, раскрываючы нават некаторыя старажытныя сакрэты кулінарнага майстэрства.
Паралельна з гэтымі рэцэптамі існуюць героі. У кожнай серыі яны трапляюць у нейкую сітуацыю, у якой даводзіцца распавесці пра паходжанне і прыгатаванне той ці іншай стравы. Напрыклад, на шляхецкім вяселлі самавітыя шляхцюкі размаўляюць пра беларускае піва. А ў іншай серыі простыя сяляне ў звычайным шынку абмяркоўваюць, адкуль жа ўзялася бульба на Беларусі. І разам з агульнавядомымі фактамі мы чуем нейкія легенды і прыдумкі, характэрныя для свайго часу ў той ці іншай мясцовасці Беларусі і нават для таго ці іншага саслоўя. У кожнага свая бульба, перафразуючы вядомы выраз. У фільмах пастараліся максімальна раскрыць «характар» кожнай стравы з розных бакоў.
— Над праектам працавала некалькі розных спецыялістаў, — тлумачыць Юрый Ігруша. — Гэта наогул вялікая калектыўная праца. Мы не хацелі нейкай суб’ектыўнасці. На маю думку, атрымалася больш-менш аб’ектыўная беларуская кулінарная сітуацыя ў гістарычным разрэзе. Нам важна было перадаць атмасферу і культуру харчавання розных часоў на Беларусі — нават дзеянне ў фільмах адбываецца ў розныя гістарычныя перыяды. Тым больш што розныя саслоўі харчаваліся па-рознаму. І гэта не значыць, што адны харчаваліся дрэнна, а іншыя добра. Уся ежа была карысная аднолькава. Але пры фізічнай працы трэба адна ежа, а пры разгульным ладзе жыцця акцэнты надаваліся іншым рэчам. Але тым не менш рацыянальнасць харчавання была ва ўсім.
Усе старадаўнія рэцэпты і байкі ў фільме суправаджаюцца цудоўным відэарадам. Вось мы бачым нацюрморт з агародніны, якая хутка пойдзе на прыгатаванне культавай стравы беларусаў — бацвіння. Суседзі за любоў жыхароў Вялікага Княства Літоўскага да бацвіння нават называлі іх бацвіняжамі. Вось мяса ды грыбы, якія пойдуць на зразы, дранікі, вантрабянку ды пячыста з свойскай птушкі. У выніку атрымліваюцца такія апетытныя стравы, ад якіх ідзе гарачая пара, што так і хочацца хутчэй бегчы на кухню ды паспрабаваць прыгатаваць тое простае ды аўтэнтычнае, але неверагодна смачнае і карыснае, чым харчаваліся нашы продкі.
— Насамрэч, кіно — гэта вялікая ілюзія. Тое, што відаць на сервіраваным стале ў кадры, не заўжды існавала ў рэальнасці ў такім жа выглядзе, — распавядае дырэктар Белвідэацэнтра. — Эфект багатага стала ствараўся і пры дапамозе кадрыравання. А наогул гатаваць нам дапамагаў рэстаран «Камяніца». Вядома, уся ежа была ў невялікай колькасці. Але ў выніку на экране з гэтага атрымалася багатае застолле.
Асобна варта адзначыць працу аператара Сяргея Торбіка. У тым ліку і дзякуючы яму на экране мы бачым такую «смачненькую» карцінку. А тое, як працаваў Сяргей для Белвідэацэнтра, было ўпершыню.
— Здымалася гэта ўсё на фотаапарат Саnоn. Здаецца, просты інструмент, а насамрэч здымаць на яго складаней, чым на відэакамеру, — гаворыць Юрый Віктаравіч, — Таму што ён не зусім прыстасаваны для прафесіянальных здымак. Галоўнае, чаму ім карыстаюцца — якасць выявы, якую ён дае. Але ў ім няма многіх сэрвісаў. Маладыя людзі, засвоіўшы дасканала гэты інструмент у працы, апярэджваюць нават дасведчаных аператараў. Таму што засвоіць лічбавыя тэхналогіі — гэта адно, а вось умець правільна пераносіць іх у мантаж і працаваць з імі на мантажы — тут могуць пачацца праблемы. «Лічба» мае шэраг асаблівасцяў. Фотаапарат дрэнна панараміруе, ён дае лёгкі зрыў пры панараме. І абыходзіць гэтыя сітуацыі таксама трэба ведаць як. Пашырэнне фотаапарата — каласальнае, але апрацоўваць гэтую выяву на мантажы нашмат складаней. Калі ёсць нейкая зацемненасць, «выцягнуць» яе нашмат складаней. Апрацоўцы гэтая выява паддаецца менш, чым выява з лічбавай відэакамеры.
Нягледзячы на ўсе складанасці здымак на фотаапарат, беларускія спецыялісты справіліся цудоўна. І наогул гэта сёння вельмі папулярна ў свеце — «здымаць на фоцік». Можна прыгадаць, напрыклад, вядомы серыял «Доктар Хаус», які таксама знялі цалкам на фотаапарат. Карацей, у выніку «Гісторыя беларускай страўні» насычана не толькі цікавымі гістарычнымі звесткамі, рэцэптамі ды беларускімі тыпажамі, але і чароўнымі краявідамі і ракурсамі. Напрыклад, сцэны палявання шляхты ў «Мясных прысмаках» або сцэны, калі герой Паўла Харланчука — вандроўнік і лірычная натура — едзе ўздоўж пшанічнага поля, на якім беларускія дзяўчаткі ў нацыянальных строях убіраюць снапы. Вельмі паэтычныя, сонечныя, аптымістычныя кадры. Дужа каларытныя краявіды: здымкі адбываліся ў тым ліку ў «Дудутках», Заслаўскім музеі-запаведніку, Музеі народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах. Суправаджаецца фільм этнічнай музыкай гуртоў «Троіца», «Стары Ольса», «Юр’я», «Гаротніца» ды «Yоkі». Атмасфера — самі разумееце.
Паглядзець «Гісторыю беларускай страўні» можна па тэлеканале «Беларусь-3».
Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ
Добавить комментарий