Восень. Цёплая, сонечная, залатая… Шмат хто з людзей, якіх ніякім чынам нельга аднесці да рамантыкаў, бачаць у гэтай найцудоўнейшай пары года завяданне, нават смерць. Гэта не так! Восень — асаблівы перыяд, напоўнены пералівамі фарбаў, што так прыемна радуюць вока і запаўняюць душу асаблівым святлом.
У сонечныя дні неба пафарбавана ў ярка-блакітны колер, яно нібы працята залатымі сонечнымі промнямі, якія праліваюцца адразу аднекуль з вышыні і з бакоў. Сонца песціць лістоту, траву і незлічоную колькасць пярэстых восеньскіх кветак, што рассыпаліся паўсюдна, нібыта каляровыя шкельцы з чароўнага калейдаскопа Спадарыні Восені.
Быццам рыхтуючыся да балю, дрэвы апрануліся ў свае самыя раскошныя ўбранні, расшытыя золатам усемагчымых адценняў. Лёгкі ветрык ціхутка кратае салатава-зялёныя, жоўта-аранжавыя, залаціста-рудыя, пурпурна-карычневыя лапікі лісцянога адзення.
Вецер пралятае па стракатай алеі і раптам на хвіліну замірае, ашаломлены незвычайна цудоўным відовішчам. Каля ракі, любуючыся сваім адлюстраваннем, стаіць Прыгажуня. Яе тонкі стан, абвіты залатой сукенкай, зіхаціць і пераліваецца на сонцы. Сэрца Ветру схамянулася — ён закахаўся. Continue reading