Залаты восеньскі дзень, працяты промнямі цёплага сонца, клікаў з дому. Я прыхапіла фотаапарат і выехала за межы мітуслівага пыльнага горада. Прагульваюся па хутары. У ім усяго сем дамоў, чатыры закінутыя. Сцяжынка, па якой я іду, збочвае і я заходжу за кустоўе адзічэлага бэзу. За зараснікам раскінуўся лужок, які гарэзліва падняўся крыху ўверх. І тут я ўбачыла нешта цікавае…
На ўзгорку, сярод лісцяных дрэў, паўсталі дзве сасны. Іх ствалы імкнуцца адзін да аднаго, нібы мараць дакрануцца. Як апынуліся тут два гэтыя дрэвы? Падыходжу да хваін, сядаю паміж імі адпачыць. Да мяне даносіцца ціхуткі шэпт. Прыслухоўваюся… Гэта вецер шапаціць! А ў яго шолаху я чую словы! Адвечны вандроўнік расказвае мне гісторыю двух дрэў, што растуць тут, удалечы ад роднага лесу.
— Калісьці даўно недалёка адсюль рос сасновы бор. – Шаптаў вецер. І не было ў свеце лесу прыгажэйшага і багацейшага за той дзівосны бор. Але аднойчы здарылася непапраўнае. Падчас летняй спёкі ўспыхнула маленькая іскарка, якая ў адно імгненне разлілася па сасновым боры вогненнай ракой. Прагныя языкі полымя аблізвалі ствалы гонкіх соснаў, лёгка узвіваліся па стройных дрэвах пад самае неба. Яшчэ хвіліна і тое, што ўчора было велічным дрэвам, абрушвалася на абпаленую зямлю счарнелай галавешкаю… Уратаваць сасновы бор было не магчыма. Ды й што мог зрабіць я, вецер? Толькі разагнаць агонь яшчэ больш, дапамагчы полымю хутчэй разляцецца па лесе? Я замёр над борам, які дажываў свае апошнія страшныя гадзіны. І тут я пачуў голас каралевы-сасны. Continue reading