Вочы восені — блакітнае неба, слёзы восені — прахалодныя дажджы, голас восені — восеньскі вецер ды спевы птушак перад адлётам у вырай, сукенка восені — залатое лісце. А сэрца восені — гэта ліхтарыкі, што рассыпаліся па клумбах мільёнамі ярка-аранжавых кветачак.
Менавіта ў іх, у вогненна-рудых бутонах, форма якіх нагадвае сэрца, восень трымае свае пачуцці. І якая б ні была восень капрызная, дажджлівая, халодная, мы дакладна ведаем, што сэрца ў яе гарачае, яркае і прыгожае. І ўсё ж прыйдзе той час, калі аранжавыя кветачкі пацямнеюць ад халадэчы, іх яркая абалонка струхнее і абсыпіцца долу… Але пад тонкай сеткай у форме сэрца застанецца маленькі шарык цёплага аранжавага колеру. Гэты шарык трапіць у глебу, каб вясной паўстаць тонкай сцяблінкаю, якая будзе набірацца моцы ўсё лета, а з надыходам восені зноў расквеціць зямлю яркімі, прыгожымі, гарачымі сэрцамі Восені.