На Беларускім відэацэнтры рэжысёр Аляксей Раковіч зрабіў вось ужо чатыры фільмы, прысвечаныя гісторыі беларускай кухні — «Мясныя прысмакі», «Супы і сытыя стравы», «Бульбяныя прысмакі» і «Хмельныя напоі». Глядзяцца гэтыя фільмы сапраўды «смачна»: у іх не толькі распавядаецца пра спрадвечныя традыцыі харчавання беларусаў розных саслоўяў у розныя часы, але і самі серыі цыкла, кожная з якіх мае працягласць трохі больш за 20 хвілін, зроблены з душой, паведамляе «Звязда».
Тут пастараліся і аператар Сяргей Торбік, і аўтары сцэнарыя Таццяна Шахавец і Алесь Белы, і мастак па касцюмах Дар’я Раманава, і графікі Максім Носаў і Юлія Васільева, Кірыл Блахін, Таццяна Сіплевіч. І кансультант Таша Капаценка. Акурат па яе ініцыятыве да праекту і быў прыцягнуты вядомы знаўца старадаўняй беларускай кухні Алесь Белы. Рэжысёр Аляксей Раковіч вельмі дакладна падабраў тыпажы і беларускія характары, выбраўшы на іх ролі нашых вядомых акцёраў. Так, у розных серыях з’яўляюцца Генадзь Аўсяннікаў, Анжэла Караблёва, Мікалай Рабычын, Аляксандр Кашпераў, Васіль Грынь, Павел Харланчук, Канстанцін Міхаленка ды іншыя. Прычым гэта персанажы не аднаразовыя і не выпадковыя. Некаторыя з іх пераходзяць з серыі ў серыю.
— Гэта таксама была адна з мэт праекта, — распавядае дырэктар Беларускага відэацэнтра Юрый ІГРУША, — запрасіць вядомых беларускіх акцёраў менавіта для стварэння галерэі беларускіх партрэтаў. І хоць гэта не дарагі праект, акцёры пагаджаліся працаваць толькі таму, што разумелі яго важнасць. Пытанне грошай не стаяла на першым месцы.