Свініна з яблыкамі
800 г свініны (мякаць), 300 г яблыкаў, 1-2 цыбуліны, 50 г топленага сала, соль, кмен, цукар.
Свініну (цэлым кавалкам) нацерці соллю, дробкай цукру, змазаць топленым салам, пакласці ў жароўню і паставіць у гарачую духоўку. Калі мяса зарумяніцца, пасыпаць яго кменам, абкласці кавалкамі ачышчаных яблыкаў і кружкамі цыбулі. Тушыць разам, дадаючы па меры выпарэння соку ваду, да гатоўнасці мяса.
Пры падачы на стол нарэзаць мяса ўпоперак валокнаў, абкласці кавалкамі яблыкаў.
«Пакаштуйце – смачна», Тамара і Ўладзімір Рэўтовічы, Мінск, Полымя, 1993 г.
Свініна, тушаная з капустай
500 г свініны, 1 кг капусты, 1 морква, 1 корань пятрушкі, 1 цыбуліна, 2 ст. лыжкі тамату-пюрэ, 1 ст. лыжка воцату, 2 ч. лыжкі цукру, 1,5 ст. лыжкі тлушчу, соль, лаўровы ліст, перац.
Свініну нарэзаць кавалачкамі, цыбулю — кружкамі, свежую капусту, моркву, пятрушку нашаткаваць. Падрыхтаваныя прадукты, акрамя капусты, абсмажыць. Капусту злёгку перацерці з соллю. Усё скласці ў рондаль, дадаць тамат-пюрэ, воцат, перац, уліць каля шклянкі булёну або вады і тушыць на слабым агні да гатоўнасці прадуктаў. Затым пакласці цукар, соль, лаўровы ліст, уліць пасераваную і разведзеную булёнам або вадой муку, патрымаць на агні яшчэ 5 хвілін.
Замест свежай капусты можна выкарыстаць кіслую. Тады не трэба класці воцат, а норму цукру павялічыць.
«Пакаштуйце – смачна», Тамара і Ўладзімір Рэўтовічы, Мінск, Полымя, 1993 г.
Свініна, запечаная па-дамашняму
500 г свініны, 1 кг бульбы, 2 цыбуліны, 1 ст. лыжка маргарыну, 500 г маянэзу, соль, перац.
Свініну нарэзаць невялікімі кавалкамі, пасаліць, паперчыць, пакласці на дно глыбокай патэльні з растопленым маргарынам. Затым — слой цыбулі, нарэзанай кружкамі. Апошні слой — абабраная бульба, таксама нарэзаная кружкамі. Дадаць соль, заліць маянэзам і запякаць ва ўмерана нагрэтай духоўцы каля 1,5 гадзіны.
«Пакаштуйце – смачна», Тамара і Ўладзімір Рэўтовічы, Мінск, Полымя, 1993 г.
Свініна, запечаная з бульбай
800 г свініны, 2 ст. лыжкі тлушчу, 2 цыбуліны, 12 бульбін, соль, кмен.
Мяса (адным кавалкам) пасыпаць соллю, перцам, абсмажыць з усіх бакоў на моцна разагрэтым тлушчы. Перакласці на бляху, уліць тлушч, што застаўся ад смажання, пасыпаць кменам, дадаць нарэзаную кружкамі цыбулю, 3-4 ст. лыжкі вады і паставіць у духоўку. Запякаць, паліваючы сокам, які ўтварыўся (калі трэба, дадаць ваду), да таго часу, пакуль мяса дойдзе да напаўгатоўнасці.
Бульбіны прыкладна аднолькавай велічыні абабраць, памыць, пасыпаць соллю і пакласці на бляху разам з мясам і, працягваючы паліваць, запякаць да гатоўнасці.
Гатовае мяса тонка нарэзаць, абкласці запечанай бульбай. Падаць з кіслай капустай.
«Пакаштуйце – смачна», Тамара і Ўладзімір Рэўтовічы, Мінск, Полымя, 1993 г.
Парасяціна адварная
800 г парасяціны, 1 морква, 1 корань пятрушкі, 1 цыбуля, 2 ч. лыжкі мукі, 3 ст. лыжкі смятаны, соль, перац, лаўровы ліст.
Мяса цэлым кавалкам пакласці ў падсоленую ваду, якая кіпіць (каля 1 л), дадаць моркву, корань пятрушкі, цыбулю і варыць на слабым агні паўгадзіны. Затым пакласці ў рондаль перац гарошкам, лаўровы ліст і давесці мяса да гатоўнасці.
Мяса выняць, адвар працадзіць, дадаць у яго пасераваную муку, разведзеную ахалоджаным адварам, пракіпяціць, уліць смятану, прагрэць. Гэтым соўсам паліць нарэзаную кавалкамі парасяціну.
Падаць з салёнымі агуркамі або памідорамі.
«Пакаштуйце – смачна», Тамара і Ўладзімір Рэўтовічы, Мінск, Полымя, 1993 г.
Мачанка па-сялянску
250 г свініны з рэбернымі косткамі, 250 г сырой каўбасы, 2 цыбуліны, 100 г сала, 2 ст. лыжкі мукі, соль, лаўровы ліст.
Кавалкі свініны і сырой сялянскай каўбасы абсмажыць. Пшанічную або ячную муку развесці халоднай вадой і ўліваць у кіпень, увесь час памешваючы, да ўтварэння рэдкай мучной падліўкі. Дадаць соль, лаўровы ліст, пакласці кавалачкі падскваранага разам з цыбуляй сала, а таксама свініну і каўбасу. Паставіць на 20-25 хвілін у духоўку.
Да мачанкі падаць бліны або вараную бульбу.
«Пакаштуйце – смачна», Тамара і Ўладзімір Рэўтовічы, Мінск, Полымя, 1993 г.
Біфштэкс па-беларуску
400 г ялавічыны (выразка), 1 ст. лыжка здору, 4 зубкі часнаку, соль, перац.
Мяса разрэзаць упоперак валокнаў на чатыры частіц, кожную злёгку адбіць, надаць круглую форму, пасаліць, паперчыць, пасыпаць змельчаным часнаком. Смажыць біфштэксы на моцна разагрэтай патэльні. Яны гатовы, калі пры націсканні з мяса не выдзяляецца чырвоны сок.
Падаць са смажанай бульбай і марынаванымі грыбамі.
«Пакаштуйце – смачна», Тамара і Ўладзімір Рэўтовічы, Мінск, Полымя, 1993 г.
Катлета «Белавежская»
500 г свініны (карэйкі), 60 г шынкі, 80 г зялёнага гарошку, 3 ст. лыжкі сухароў, 3 ст. лыжкі топленага масла, 2 яйкі, 1 цыбуліна, 1 ст. лыжка мукі, соль.
Свіную карэйку (з косткай) нарэзаць кавалкамі так, каб кожны быў з костачкай. Мяса адбіць, костачку зачысціць.
Прыгатаваць фарш: абсмажыць пакрышаную цыбулю і нарэзаную кубікамі шынку, дадаць зялёны гарошак, муку, соль, перамяшаць і ўсё разам злёгку патушыць. Каб маса не была занадта густой, развесці яе булёнам або гатаванай вадой.
На падрыхтаваныя кавалкі карэйкі пакласці фарш, скруціць у выглядзе каўбаскі, змачыць у яйку, укачаць у сухары, затым зноў змачыць у яйку і зноў укачаць у сухары. Абсмажыць у топленым масле і паставіць на 10-15 хвілін у нагрэтую духоўку.
«Пакаштуйце – смачна», Тамара і Ўладзімір Рэўтовічы, Мінск, Полымя, 1993 г.
Тушанка гарадская
0,5 кг ялавічыны, 1 кг бульбы, 2-3 цыбуліны, 10 гарошын чорнага перцу, 3-4 лаўровыя лісты, соль.
Мяса памыць, нарэзаць кавалкамі сярэдняга памеру, укласці на дно гаршка або жароўні, зверху пакласці абабраную і нарэзаную скрылькамі бульбу, на яе — чорны перац і дробна накрышаную цыбулю. Усё пасаліць, уліць вады (прыкладна да паловы аб’ёму), накрыць і паставіць тушыць на невялікі агонь. Праз 1-1,5 гадзіны зняць з агню, пакласці лаўровы ліст і паставіць у духоўку. Тушыць трэба доўга. У працэсе тушэння, калі спатрэбіцца, можна дадаць вады.
Страва гатова, калі набудзе залаціста-карычневы колер.
«Пакаштуйце – смачна», Тамара і Ўладзімір Рэўтовічы, Мінск, Полымя, 1993 г.
Мяса кісла-салодкае
500 г ялавічыны, 2 ст. лыжкі топленага масла або сала, 2 цыбуліны, 1 ст. лыжка цукру, 1 пернік, 2 ст. лыжкі тамату-пюрэ, 2 ст. лыжкі змельчаных жытніх сухароў, 1 ст. лыжка 2%-нага раствору цытрынавай кіслаты, соль, перац, лаўровы ліст.
Абмытае і нарэзанае кавалкамі мяса абсмажыць на масле або сале. Перакласці ў рондаль, дадаць абсмажаную цыбулю, уліць булёну або вады і тушыць каля гадзіны. Затым пакласці змельчаныя жытнія сухары і пернік, тамат-пюрэ, соль, цукар, перац, разведзеную цытрынавую кіслату, лаўровы ліст і тушыць да гатоўнасці.
Падаць з варанай або смажанай бульбай.
«Пакаштуйце – смачна», Тамара і Ўладзімір Рэўтовічы, Мінск, Полымя, 1993 г.