Запяканка з бульбы і яек
800 г бульбы, 4 яйкі, 50 г сыру, 0,25 шклянкі малака, 60 г тлушчу, соль, перац, зелень.
Бульбу зварыць, абабраць, парэзаць кружкамі, абсмажыць на тлушчы, выкласці на патэльню, змазаную тлушчам. Змяшаць яйкі, малако, змельчаны на тарцы сыр, соль, перац, пасечаную зелень пятрушкі або кропу, заліць бульбу і паставіць у духоўку на 7-10 хвілін.
Падаць са свежымі агуркамі або памідорамі.
«Пакаштуйце – смачна», Тамара і Ўладзімір Рэўтовічы, Мінск, Полымя, 1993 г.
Грыбы з яйкамі
500 г свежых грыбоў, 2 яйкі, 100 г сметанковага масла або здору, соль.
Перабраныя і прамытыя грыбы парэзаць, пакласці на патэльню. Калі выпарыцца вадкасць, дадаць масла або здор і смажыць да гатоўнасці. У канцы смажання ўбіць яйкі, перамяшаць, паставіць яшчэ на 10 хвілін у нагрэтую духоўку.
«Пакаштуйце – смачна», Тамара і Ўладзімір Рэўтовічы, Мінск, Полымя, 1993 г.
Амлет па-сялянску
8 яек, 2 ст. лыжкі мукі, 1 шклянка малака, 100 г сала, 100 г сялянскай каўбасы, соль.
Яйкі ўзбіць, дадаць муку, соль, добра перамяшаць. Нарэзанае брусочкамі сала і кружкі каўбасы падсмажыць, заліць яечнай сумессю. Смажыць амлет спачатку на пліце, затым давесці да гатоўнасці ў духоўцы.
«Пакаштуйце – смачна», Тамара і Ўладзімір Рэўтовічы, Мінск, Полымя, 1993 г.
Амлет беларускі
8 яек, 0,5 шклянкі малака, 80 г сала, 1 цыбуліна, соль.
Сала нарэзаць маленькімі кубікамі, падскварыць разам з нашаткаванай цыбуляй, заліць яйкамі, узбітымі з малаком з дабаўленнем солі. Запячы ў духоўцы.
«Пакаштуйце – смачна», Тамара і Ўладзімір Рэўтовічы, Мінск, Полымя, 1993 г.Яйкі, фаршыраваныя грыбамі
8 яек, 20 г сушаных грыбоў, 1 цыбуліна, 1 ст. лыжка топленага масла, 2 ст. лыжкі маянэзу, 2 ст. лыжкі смятаны, 1 ст. лыжка соўсу тыпу «Паўднёвы», соль, зелень.
Звараныя ўкрутую яйкі ачысціць ад шалупаек. Зняць нажом тупы канец яйка, выняць жаўток. Папярэдне замочаныя сушаныя грыбы зварыць, дробна пасячы, змяшаць з падсмажанай змельчанай цыбуляй і расцёртымі жаўткамі.
Атрыманым фаршам запоўніць яйкі, накрыць зверху «шляпкамі» — зрэзаным бялком, заліць соўсам, які гатуецца з маянэзу, смятаны і соўсу тыпу «Паўднёвы». Упрыгожыць зеленню пятрушкі.
«Пакаштуйце – смачна», Тамара і Ўладзімір Рэўтовічы, Мінск, Полымя, 1993 г.
Яйкі, фаршыраваныя селядцом
4 яйкі, 150 г селядца, 1 яблык, 0,5 цыбуліны, 40 г белага хлеба, 1 ч. лыжка воцату, 1 ст. лыжка алею, 0,3 шклянкі маянэзу, перац.
Звараныя ўкрутую ачышчаныя яйкі разрэзаць напалам, выняць жаўткі. Селядзец вымачыць, аддзяліць філе, прапусціць яго праз мясарубку разам з яблыкамі, размочаным у вадзе або малацэ белым хлебам, цыбуляй, жаўткамі, заправіць алеем, воцатам і перцам. Палавінкі яечных бялкоў запоўніць падрыхтаваным фаршам такім чынам, каб надаць кожнай форму цэлага яйка. Фаршыраваныя яйкі паліць маянэзам.
«Пакаштуйце – смачна», Тамара і Ўладзімір Рэўтовічы, Мінск, Полымя, 1993 г.