Як закахаўся Вецер
Вясна песціць зямлю паўднёвым ветрыкам, які прынёс цёплы май. Самая рамантычная пара года дасягнула свайго росквіту, яе дзівосная энергія разлілася паўсюдна. Менавіта яна, гэтая наймацнейшая сіла, здолела растапіць снег і лёд, абудзіла зямлю. Сціплыя і непрыкметныя зімой чорна-белыя бярозкі апрануліся ў ярка-зялёныя атласныя сукенкі. Беластвольныя паненкі какетліва ўпрыгожыліся доўгімі завушніцамі і зазірнулі ў люстраную роўнядзь сажалкі. Задаволеныя сабою, красуні расправілі галінкі-плечы і пацягнуліся высока ў неба, да цёплага сонца. Дзесьці ў блакіце нябёсаў гайсаў гарэза-вецер, ён весяліўся, шкуматаючы белыя аблачынкі, падобныя на пухнатых авечак. Гнаў вятрыска пульхнае воблачка, як раптам, у люстэрку сажалкі ўбачыў тонкія станы ў зялёных сукенках. Забыўся ветрык-гарэза на забавы з аблачынкамі, прыцішэў і спусціўся ніжэй. Падплыў ён да бярозак, асцярожна дакрануўся да зялёных строяў. У замілаванні любуецца атласнымі ўбраннямі і гнуткімі пругкімі галінкамі. А беластвольныя паненкі какетліва ўсміхаюцца, ды шапацяць завушніцамі, гледзячы на вятрыску-небараку, які, хоць і саромеецца, але не можа адвесці вачэй ад іх дзявочай прыгажосці…
Последние комментарии