Сапрўдны аматар жартаў першае красавіка адзначыць як належыць. Вось і Кандрат не мог не “павіншаваць” сваіх сябрукоў Рыгора і Эдзіка. Вырашыў ён цэлую камбінацыю пабудаваць: падгаварыў Рыгора, каб разам абдурыць Эдзіка, а з Эдзікам дамовіўся Рыгора падмануць! На самай жа справе задумаў ашукаць абодвух! І вось, першага красавіка, прыйшлі Кандрат з Рыгорам да Эдзіка. Па яго навучэнні Рыгор кажа:
— Эдзік, бяжы на пошту, табе бандэроль з Віцебска ад сястры прыйшла!
Эдзік спачатку не паверыў, але Кандрат пацвердзіў і падмацаваў тым, што ягоная жонка Фаіна, што на пошце робіць, яшчэ ўчора пра Эдзікаву бандэроль казала. Здаўся Эдзік, на пошту сабраўся.
Кандрат дае сігнал Эдзіку, і той кажа Рыгору, што сустрэў сёння Яшку Бутэвіча, дык той прасіў перадаць, каб Рыгор да яго па бензін прыходзіў, а калі не прыйдзе, то ён каму-небудзь іншаму прадасць. Сумняваўся Рыгор, пытаўся ў сяброў ці не маняць. Тыя ў адзін голас казалі, што праўду кажуць.
Рыгор узяў каністру і пайшоў да Яшкі. Кандрат з Эдзікам пасмяяліся з яго, уяўлялі, як ён праз усю вёску з каністрай бегчы будзе, а гэта ж першакрасавіцкі жарт!
Кандрату заставалася дачакацца, калі Эдзік на пошту пойдзе. Ён ужо і апрануўся, і боты нацягнуў, а калі ў сенцы выйшлі, пляснуў сабе па ілбе:
— Ой! Ледзь не забыўся! – нечакана ўспомніў Эдзік. – Не магу я сёння на пошту ісці! У цешчы маёй, у Мікалаіхі, дзверы зламаліся, дык я абяцаў сёння другія прынесці. Прыйдзецца заўтра па бандэроль ісці. Цешча ж важней…
Уся задума магла праваліцца. Кандрат не мог гэтага дапусціць, таму выклікаўся сам тыя дзверы Эдзікавай цешчы занесці.
— Вось дзякуй, сябра Кандрат! Яны не такія ўжо і цяжкія, ды і Мікалаіха абяцала насустрач з тачкай выехаць.
Узяў Кандрат тыя дзверы і пайшоў. Ідзе і ўглядаецца, калі Мікалаіха насустрач з тачкай выйдзе. Так і не дачакаўся! Стаміўся, сем патоў сышло, покуль дацягнуў тыя дзверы.
Увайшоў у двор, а там старая Мікалаіха на тачцы сядзіць і войкае:
— А маё ж ты дзіцятка! А Эдзік дзе?
— На пошту пайшоў, а я вам дзверы прынёс.
— Дзякуй, сынок! Я сабралася насустрач ісці, дык спіна, халера яе бяры, скруціла так, што пляснулася на тую тачку, а ўстаць сама не магу!
— Зараз, цётка Мікалаіха, я Вам дапамагу!
Паставіў Кандрат дзверы каля плота, асцярожна ўзяў старую на рукі і панёс у хату. Толькі ўвайшоў у кухню, як Мікалаіха спрытна саскочыла на падлогу і смяецца:
— З першым красавіка цябе, Кандратка! Вылечыў ты мне спіну!
Зразумеў Кандрат, што пажартавала з ім старая кабета. А тут з-за печы выходзяць Эдзік і Рыгор:
— Ну, Кандрат, з першым красавіка цябе! Добра ты прыдумаў і пра бандэроль, і пра бензін, але мы не паверылі, а вось цябе дык абдурылі!
— Не патрэбна мне тое, што ты валок! – Весялілася Мікалаіха.
— Як гэта непатрэбна?! – Не мог уцяміць Кандрат. – А навошта ж я цягнуў, як дурань… – і ён змоўк.
— Як дурань дзверы! – дадалі яго сябры. – Малайчына, Кандрат-штукар!
Мянушка тая – Штукар – да Кандрата з таго часу і прыклеілася. Добра ўсе з яго пасмяяліся, а каб не крыўдзіўся, запрасілі за стол, выпіць па чарачцы.
Добавить комментарий