У адным з найпрыгажэйшых куткоў Беларусі, каля крыштальных азёр, што, быццам блакітныя пацеркі, рассыпаліся між зялёнага лесу, размясціліся тры вёскі: Касцюкі, Жукаўка і Мроеўка. Самай вялікай была Мроеўка. Там і крамы буйнейшыя, і школа вялікая, і клуб, і ферма, і нават базар свой быў. Адным словам, усё культурнае і працоўнае жыццё там сканцэнтравалася. Уся моладзь сюды на працу імкнулася ўладкавацца, а мроеўскія хлопцы і дзяўчаты лічыліся самымі запатрабаванымі жаніхамі ды нявестамі. Лепшыя кандыдатуры, калі пашанцуе, можна было адшукаць толькі ў сталіцы.
Шмат хто з моладзі ехалі вучыцца ў Мінск альбо ў бліжэйшы абласны цэнтр. Падабалася ім жыць у буйным горадзе, многія імкнуліся там застацца: хто працу шукаў, а хто сям’ю ствараў.
Паехала вучыцца ў Мінск і Марына Брыкава з вёскі Касцюкі. Як дзяўчына ад’язджала, маці навучала:
— Ты ж глядзі, Марынка, у сталіцу едзеш! Жыццё там мітуслівае, але такое цікавае. Марна часу не губляй, дачушка. Ёсць у цябе некалькі гадоў для таго, каб знайсці сабе сталічнага жаніха, разумееш?
— Мама, я ж вучыцца еду! – нагадала Марына.
— Вучоба вучобай, але трэба ўмець глядзець і ў будучыню. Адвучышся і назад у вёску вернешся? – акругліла вочы маці.
— Стану настаўніцай і буду працаваць у Мроеўскай школе.
— Вось дурніца! Сюды вярнуцца заўсёды паспееш, а вось у Мінск наўрад ці атрымаецца.
— Дык сталіца ж не гумавая, усіх не прыме! Ды і цяжка мне там адной будзе…
— Я ж кажу табе, мужа шукай! Тады адна не застанешся!
— А Мроеўка? Я ж мару ў родную школу настаўніцай вярнуцца…
— Якая ты наіўная! Але гэта пакуль што. Вось пажывеш сама сабе ў сталіцы, дык розуму набярэшся. Пасля такога жыцця сама не захочаш у вёску вяртацца. Паглядзіш на тамтэйшых хлопцаў і абавязкова кагосьці ўпадабаеш. А хто тут? Якія тут жаніхі? Няма ніводнага, які б мог табе падыйсці.
— Ну чаму ты так кажаш, мама?! Ёсць і ў нас добрыя хлопцы.
— Добрыя можа і ёсць, а вось перспектыўных няма. Параўнаеш са сталічнымі, дык сама зразумееш!
Вось з такімі парадамі выправіла Ганна Алегаўна сваю дачку на вучобу ў сталіцу. Кожны раз, калі Марына прыязджала дадому, маці шукала ў ёй нейкіх перамен, сталічных манер, змены поглядаў, але дачка так і засталася сціплай, спакойнай і добразычлівай дзяўчынай. Так і не набыла таго самага бліскучага глянцу, які жадала бачыць маці. Праз пяць гадоў Марына вярнулася ў родныя Касцюкі і ўладкавалася ў Мроеўскую школу настаўніцай геаграфіі.
— Ну што за дзіця? – абуралася Ганна Алегаўна. – За цэлую пяцігодку так і не знайшла сабе ў Мінску жаніха! Ты ж у нас і разумная, і прыгожая, і цікавая… Няўжо нікому са сталічных хлопцаў не прыйшлася па душы?
— Чаму ж не? – паціснула плячамі Марына. – Былі ў мяне прыхільнікі.
— Дык што ж ты разгубілася? – ніяк не магла ўцяміць матуля. – Бедныя былі прэтэндэнты ці непрыгожыя?
— Нармальныя, мама, нармальныя.
— І?! Чаму ж назад вярнулася?!
— Нікога з іх я не кахала.
— А тут ты сабе каханага знойдзеш! – горка ўсміхнулася Ганна Алегаўна.
— Ніхто не ведае, дзе яго каханне сустрэне, – філасофскі заўважыла Марына.
Маці паціснула плячыма ды і сціхла. Хоць і марыла яна аб лепшай долі для адзінай дачкі, нічога не зробіш. Хоча замуж толькі па каханню! А з другога боку, як бы жылі яны з бацькам без сваёй дачушкі? З’ехала б у сталіцу, а да іх толькі б зрэдку наведвалася. Што ж, як кажуць, што ні робіцца – усё да лепшага!
Марына пачала працаваць у школе. Сваю работу і дзяцей вельмі любіла, таму жыла толькі гэтым.
— Дачушка, ты б куды пагуляць схадзіла! – нагадвала маці. – Усё працуеш ды працуеш. Трэба ж і для сябе час знаходзіць!
— Мне так падабаецца, мама.
— Так нядоўга і ў дзеўках застацца…
— Што ты так бядуеш, я ж яшчэ маладая.
— Тым больш, схадзі ты ў клуб на танцы.
Каб супакоіць маці, ды паглядзець, што змянілася за апошнія гады, Марына пагадзілася і ўжо ў наступную суботу пайшла з сяброўкамі на танцы.
Сапраўды шмат што перамянілася. Зусім выраслі былыя падлеткі, з’явілася багата новых людзей. На танцы прыйшлі большай часткай зусім маладзенькія хлопцы і дзяўчаты, вучні старэйшых класаў. Неяк няёмка адчувала тут сябе Марына, як ніяк настаўніца, а адпачываць разам з вучнямі прыйшла. Яны ж ва ўсе вочы на яе глядзелі, за кожным крокам сачылі!
— Мусіць, правільна маці кажа, зусім я ўжо не маладая! – падумала Марына. – Няма чаго мне рабіць на дыскатэцы! Каб у школе не працавала, дык яшчэ нічога б, а так… Не-не, пайду лепш дадому!
Развіталася Марына з сяброўкамі і накіравалася да выхаду. Амаль каля дзвярэй яе прыпыніў малады мужчына і запрасіў патанцаваць. Марына засмучана пагадзілася, і ў наступнае імгненне яны далучыліся да іншых пар. Свайго партнёра па танцах дзяўчына раней не бачыла, мабыць, хтосьці з новых. З гутаркі так і высветлілася. Танец скончыўся і Марына зноў заспяшалася дадому. Новы знаёмы выклікаўся яе правесці. Пакуль ішлі разгаварыліся. Пасля вучобы Мікіта прыехаў у Мроеўку па размеркаванню, працаваць на ферме ветэрынарам.
Ішлі яны павольна, таму да Касцюкоў дабіраліся даволі доўга. Шмат пра што паспелі пагаварыць, аб многім паразважаць. Калі развітваліся, Мікіта папрасіў дазволу сустрэць Марыну пасля работы і кудысьці запрасіць. Дзяўчына з патаемным задавальненнем згадзілася.
Так пачалася гісторыя іх кахання. Сустракаліся яны амаль паўгода і вось, Мікіта папрасіў Марыну стаць яго жонкай. Дзяўчына дала надзею на станоўчы адказ і запрасіла жаніха ў госці, каб пазнаёміць з бацькамі.
Мікіта грунтоўна рыхтаваўся да важнага візіту – пайшоў на мясцовы базар па гасцінцы ды падарункі. Да стала вырашыў набыць добры кавалак мяса ды засмажыць шашлыкі. Падышоў да крыклівай гандляркі і пачаў выбраць.
— Вось добры кавалак! – нахвальвала жанчына. – Бяры, не пашкадуеш!
— Не зусім выдатны Ваш тавар, – чэсна сказаў Мікіта. – Мабыць, свінчо не такое і маладое было!
— Ах ты! – раз’юшылася гандлярка. – Такое добрае мяса, а ён яшчэ носам круціць! Каб хоць разбіраўся! Прафесар тут адшукаўся!
— Дык я і разбіраюся. Не прафесар, а ветэрынар.
— Ды ты ялавічыну ад свініны не адрозніш, жывёльны доктар!
— А я кажу, старое мяса на Вашым прылаўку!
Гандлярка заўважыла, што іх спрэчку ўважліва слухаюць пакупнікі.
— Сыдзі! – злосна прашыпела яна. – Усіх людзей разгоніш!
Мікіта набыў кавалак мяса на суседнім прылаўку і пайшоў.
На наступны дзень, у нядзелю, святкавалася Масленіца. Марына запрасіла яго на маміны бліны. І вось прыйшоў Мікіта ў госці да будучай жонкі, прынёс падарункі ды замарынаванае на шашлык мяса. Марына сустрэла яго ля брамы і прывяла ў хату. На кухні за сталом сядзеў яе тата, ён апетытна еў бліны, якія, тут жа на пліце, пякла жонка.
— Дзень добры ў хату! – павітаўся Мікіта.
— Дзень добры! – адказаў бацька Марыны.
— Заходзьце! Як раз блінцоў гарачых напяку! – запрасіла маці і павярнулася да госця тварам.
Змоўклі Мікіта і Ганна Алегаўна і пільна ўтаропіліся адзін на аднаго вачыма. Учарашні пакупнік мяса пазнаў крыклівую гандлярку! Вось дык сустрэча! Але зрабілі выгляд, быццам упершыню бачацца.
Марына тым часам усіх пазнаёміла і запрасіла жаніха за стол.
— Сядай, сядай! – драпежна ўсміхнулася будучая цешча. – Я цябе зараз блінамі частаваць буду!
— Упэўнены, што нічога смачнейшага я і не каштаваў! – усміхнуўся Мікіта.
Адвярнулася Ганна Алегаўна да пліты ды сыпанула ў дзежку з цестам цэлую жменю солі. Спякла блінок, памазала маслам і падала будучаму зяцю. Ды Мікіта не разгубіўся: есць дужа перасолены блін і нахвальвае:
— Ах якая смаката! Проста растае ў роце! А можна мне, Ганна Алегаўна, яшчэ адзін? Магу і два з’есці! Вось каб мяне Марына заўсёды так смачна карміла!
Усміхнулася будучая цешча і палажыла яшчэ два бліны. І іх з асалодаю з’еў Мікіта, падзякаваў ды яшчэ і руку гаспадыні пацалаваў.
— Ці дазволіце нам з Марынай пабрацца? – пытаецца крыху схіліўшы галаву.
— Калі яна згодна! – адказваюць бацькі.
Усміхаецца будучая цешча і жартаўліва дадае:
— Так і ведай, зяцёк, як што не так, то адразу да мяне… на бліны!
Добавить комментарий