Браты-блізняты Лёня і Андрэй Ліпніцкія здалі іспыты за дзявяты клас і паехалі на летнія вакацыі да бабулі ў вёску. Яны з радасцю змянілі тлум і мітусню сталіцы на цішыню і спакой аддаленага ад цывілізацыі населенага пункта. Вёска Сасноўка, дзе жыла іх бабуля Наста, была зусім невялікая, усяго дванаццаць хат. Сасноўка назве сваёй адпавядала, бо размясцілася ў маляўнічым кутку каля сасновага бору.
Хлопцы выехалі раніцай, а каля апоўдні старэнькі аўтобус спыніўся на прыпынку “Сасноўка”, жаласліва рыпнуў дзвярыма і выпусціў Лёню і Андрэя. Скасабочаны транспартны сродак чмыхнуў, дзверы з лязганнем зачыніліся, і аўтобус паехаў далей. Хлопцы ўзвалілі на плечы свае вялікія цяжкія сумкі і рушылі ў бок Сасноўкі.
Дарога, крыху выкатаная коламі, віхляла праз лес. Хлопцы ішлі павольна, размаўлялі, узгадвалі, як добра правялі ў бабулі мінулае лета. Пасля пыльнага сталічнага паветра ад чыстага хваёвага водару крыху кружылася галава, але так добра дыхалася!
Нарэшце за паваротам паказалася Сасноўка. Змены, якія тут адбыліся, адразу кінуліся ў вочы.
— Ты глянь, дарогу ад шашы да вёскі нарэшце да толку давялі! – адзначыў Лёня, аглядаючы выраўняную, пашыраную і пасыпаную друзам дарогу.
— Дык даўно пара было! – адгукнуўся Андрэй. – Тут жа пасля дажджу ні прайсці – ні праехаць было. А цяпер зусім іншая справа!
Хлопцы падыйшлі бліжэй да вёскі.
— Ты глянь! – паказаў Лёня некуды ў бок хат. – Мабыць, нехта новы дом адбудаваў. Бачыш, які прыгожы чырвоны дах?
— Ага! Відаць, у Сасноўцы новыя жыхары з’явіліся. – Зрабіў вынік Андрэй. – Цікава, што там за яны?
Хлопцы нарэшце дабраліся дадому. Бабуля Наста сустракала ўнукаў ля брамы.
— А мае ж вы дарагія! – усхліпнула бабуля, выходзячы насустрач унукам. – Прыехалі! Дзіцяткі мае мілыя, а выраслі як!
Яна абдымала то Лёню, то Андрэя, то абодвух разам. Дарослыя ўнукі, якія былі на галаву вышэй за бабулю, крыху збянтэжыліся ад такой сентыментальнасці, яны таксама абнялі дарагога чалавека і злёгку цмокнулі ў маршчыністыя шчокі.
— Дык што ж мы стаім на вуліцы! – спахапілася бабуля Наста і выцерла рагавічком хусткі вільготныя вочы. – Ідзем у хату, унучыкі! Ідзем, мілыя!
Бабуля борздзенька пашыбавала праз двор да высокага ганку, а за ёй, падхапіўшы сумкі, у якіх былі і падарункі для бабулі, паспяшаліся і хлопцы.
Бабуля Наста адразу закамандавала мыць рукі і сядаць за стол. Унукаў чакалі самыя смачныя вясковыя стравы. На стале, пакрытым бялюткім накрухмаленым абрусам, шчыльна месціліся місачкі з тварагом, смятанаю, сочывам, стаяў пірог і гарлач з малаком. Пакуль хлопцы сядалі, бабуля дастала з прыпека патэльню з гарачымі дамашнімі каўбаскамі, а яшчэ праз хвіліну на іх талеркі трапілі гарачыя бліны. Бабуля Наста села насупраць унукаў:
— Ну, расказвайце, што ў вас новага?
— Ды нічога новага, бабуля. – Адказаў Андрэй. – А вось у Сасноўцы змены ёсць. Хто гэта ў вас такі прыгожы дом пабудаваў? Мабыць, жыхары новыя з’явіліся?
— Ды не! – махнула рукой бабуля Наста. – Гэта ж Юрась, дзядзькі Міхася сын, пабудаваў.
— Нішто сабе! – здзівіўся Лёня. – Адкуль жа ў яго такія грошы ўзяліся, каб гэтакі маёнтак узвесці?
— Не толькі маёнтак, дарогу таксама ён зрабіў! – расказвала бабуля. – І аўтамабіль шыкоўны бацькам купіў, а сам у сталіцу перабраўся. І ўсё гэта за адзін год адбылося.
— Вось дык дзіва! – акругліў вочы Андрэй. – У яго ж раней і на цыгарэты не заўсёды хапала, а тут такая раскоша. Як гэта атрымалася?
— Мабыць, спадчыну атрымаў ад якога-небудзь дальняга сваяка-мільянера! – зрабіў выснову Лёня.
— Для ўсіх вяскоўцаў гэта было нечакана. – Распавядала далей бабуля Наста. – Людзі, канечне, цікавіліся, а дзядзька Міхась, бацька Юрася, адказваў, што яго сыну пашчасціла папараць-кветку знайсці. Усе ж ведаюць, што той, хто ўбачыць, як яна цвіце, заўсёды будзе багатым ды шчаслівым.
— Казачнік! – засмяяўся Леанід.
— Мы таксама смяяліся! – ківала галавой бабуля. – Ды толькі і сапраўды ўдача за Юрасем па пятах хадзіць стала. Вось дарогу ён, ведаеш, на якія грошы зрабіў?
Бабуля вытрымала паўзу і працягвала:
— У латэрэю выйграў! Купіў білет у паштаркі, калі тая нам пенсію прыносіла. Я на свае вочы бачыла, як Юрась той білет браў, а потым — р-р-раз — і атрымаў джэм-пот!
— Джэк-пот! – паправіў Андрэй.
— Ат! – адмахнулася бабуля. – Якая розніца джэм ці джэк, галоўнае — што грошы яму самі ў рукі ідуць! Відаць, сапраўды ён тую папараць-кветку бачыў…
— Не вер ты, бабулечка, у гэтыя казкі! – усміхнуўся Лёня. – Мана!
— Ну, выйграў раз — можна паверыць! Але грошы ж заканчваюцца! – недаверліва паціснуў плячыма Андрэй. – Няўжо яму таго выйграшу на ўсё хапіла?
— Дык Юрасю не толькі ў латэрэі пашанцавала! – працягвала расказваць бабуля. – Ён яшчэ шмат грошай выйграў у гэтым… Ну, як яго… Дзе ўсе на грошы гуляюць…
— У казіно? – паспрабаваў адгадаць Андрэй.
— Ага! У казіно! – згодна заківала галавой бабуля Наста.
— Брэша! – упэўнена сказаў Лёня.
— Не! Праўду кажа! – не пагадзілася бабуля. – Ён з сабою ў сталіцу Сяргея Нюрчынага браў. А той жа як сарока з доўгім хвастом! Ён усёй Сасноўцы расказваў, як яны за адзін вечар столькі грошай выйгралі, што і палічыць правільна не маглі, блыталіся!
Тут рыпнулі дзверы, і на парозе з’явілася суседка, цётка Агапа. На гэтым цікавая размова пра Юрасевы выйграшы прыпынілася. Хлопцы павіталіся з госцяй, падзякавалі бабулі за смачны абед і пайшлі ў свой пакой разбіраць сумкі.
— Чуў ты такі цуд?! – усміхнуўся Андрэй. – Юрась папараць-кветку знайшоў!
— І трэба ж дадумацца такую лухту людзям расказваць! – падтрымаў брата Лёня.
— Але цікава, як яму ўдалося столькі грошай выйграць? – выказаў услых сваю думку Андрэй. – Думаеш, проста пашанцавала?
— Не ведаю, магчыма…
— Можа, ён якую сістэму вынайшаў? – не супакойваўся Андрэй.
— Адно магу сказаць дакладна: папараць цвісці не можа, — і кропка! З такой навукай, як біялогія, я сябрую, таму магу дакладна сцвярджаць, што маніць Юрась, не мог ён убачыць папараць-кветку. – Спакойна сказаў Лёня.
— Але пайшла ж аднекуль легенда пра чароўную папараць-кветку! – разважаў Андрэй. – Быццам хто тую кветку ўбачыць, стане шчаслівым, багатым, будзе разумець мову жывёл… Цвіце папараць на Купалле, а кветка распускаецца толькі на адно імгненне, таму ўбачыць яе зусім няпроста. Сарваць кветку наогул складана, бо на чалавека, які хоча гэта зрабіць, нападае ўсялякая нечысць, якая скуголіць, вые і стараецца схапіць. Ды там цэлы рытуал ёсць! Трэба ў Купальскую ноч пасцяліць каля папараці пасвенчаны абрус, абвесці вакол сябе асвенчаным нажом кола, папырскаць папараць святой вадой і маліцца. Галоўнае — не збаяцца нячысцікаў, якія абавязкова будуць перашкаджаць і кідацца на цябе. Але яшчэ важней — не прапусціць імгненне, калі кветка раскрыецца! Тады трэба адным маланкавым рухам сарваць яе, пакласці запазуху і імчаць дадому, не азіраючыся!
— О, браце! – зарагатаў Лёня. – Ты, як я пагляджу, казак начытаўся! Можа, ты і Юрасю дапамог папараць-кветку знайсці?
Андрэй збянтэжана апусціў вочы:
— Дык я ж у гэта не веру, так, легенду пераказваю… Цікаўлюся я беларускім фальклорам, а гэта легенда самая распаўсюджаная.
Магчыма, на гэтым гісторыя з загадкавай кветкай і Юрасевай фартунай была б хлопцамі забыта, але…
Праз колькі дзён Андрэй з Лёням пайшлі на возера купацца. Дзень быў спякотны, вада дарыла прыемную прахалоду, выходзіць на бераг зусім не хацелася. Але сонца пачало хіліцца да гарызонта, было ўжо не так горача, ды й час вячэры набліжаўся. Хлопцы апрануліся і накіраваліся дадому. Ішлі праз лес, каб дабрацца хутчэй, рушылі не па сцежцы, а нацянькі. Андрэй трымаўся крышку наперадзе, Лёня адставаў.
— Я добра прагаладаўся! – не азіраючыся, сказаў Андрэй. – Я б зараз памідораў са смятанай з’еў. А ты?
Адказу не было.
— А ты, Лёня? – перапытаў Андрэй і азірнуўся.
Лёні нідзе не было.
— Лёня! – гукнуў Андрэй. – Ты дзе?
Брат не аказваўся.
— Вырашыў у хованкі пагуляць? – усміхнуўся Андрэй. – Выходзь, а то я з цябе смяяцца пачну, не малыя ж…
Андрэй крыху пачакаў, Лёні не было. Нядобрае прадчуванне варухнулася глыбока ў грудзях Андрэя, ён занепакоіўся.
— Лёня! Лё-ё-ёня! – гучна паклікаў, абводзячы вачыма наваколле.
У адказ толькі спявалі птушкі ды цвыркалі конікі. Андрэй пайшоў у той бок, адкуль яны толькі што ішлі разам з братам. Ён прайшоў метраў пяцьдзесят і пачуў глухаваты стогн:
— Андрэй!
— Лёня, ты дзе?! – спалохана выкрыкнуў Андрэй.
— Тут, у яме! – данеслася аднекуль з-пад зямлі.
Андрэй зрабіў яшчэ некалькі крокаў і ўбачыў, што за паваленай сасной чарнее велікаватая яма. Лёня сядзеў там і, што асабліва здзівіла Андрэя, не стараўся выбрацца, а рыў зямлю рукамі.
— Ты што там робіш? – здзівіўся Андрэй.
— Скачы сюды, браце! Я знайшоў нешта вельмі цікавае!
У той вечар хлопцы вярнуліся дадому, калі ўжо было цёмна. Усхваляваная бабуля сварылася на іх, бо вельмі непакоілася, дзе яны дзеліся да гэтай пары. Унукі папрасілі прабачэння, хутка праглынулі вячэру і паспешліва пайшлі ў свой пакой. Але спаць яны ляглі толькі пад раніцу, бо ўсю ноч разглядалі і вывучалі тое, што знайшлі ў яме. Толькі была гэта не яма, а схаваная ад чужога вока зямлянка, у якой размясцілася сакрэтная лабараторыя, аснашчаная сучаснымі прыборамі, кнігамі і запісамі. Вось той самы дзённік запісаў і прыхапілі хлопцы з сабой.
— Ты толькі паглядзі! – усхвалявана шаптаў Лёня. – Дакладна можна сказаць, што працаваў тут вучоны, зразумела, нейкія эксперыменты ставіў!
— Па ўсім відаць, што вопыты праводзіліся над раслінамі. – Дадаў Андрэй, разглядаючы спісаныя старонкі, на якіх былі і малюнкі.
— Не проста над раслінамі, а над папараццю! – выцер Лёня змакрэлы ад перанапружання лоб. – Гэты “нехта” выводзіў новы від расліны.
— Хацеў вынайсці папараць, якая можа зацвісці? – пажартаваў Андрэй.
— Адгадаў! У самую кропку трапіў! – узрушана пахваліў брата Лёня. – І па апошніх старонках можна меркаваць, што ў гэтага “некага” эксперымент атрымаўся!
— Юрась?! – вытарашчыў вочы Андрэй.
— Не думаю, хаця нейкае дачыненне да гэтага ён усё ж мае. Нездарма яму так шчасціць апошнім часам!
— А давай і мы паспрабуем паставіць гэты эксперымент! – саскочыў з месца Андрэй. – Ты ж у нас галава, у батаніцы добра разбіраешся!
— Для такой працы мае веды мізэрныя, але я ведаю, хто нам можа дапамагчы. Наш сусед Іван Пятровіч!
— Так-так! Ён жа прафесар, у лабараторыі працуе! – узрадаваўся Андрэй.
Наступнай раніцай хлопцы сталі збірацца дадому.
— Мы праз дзень-другі прыедзем! – супакойвалі яны бабулю Насту. – Ты не хвалюйся, нават ссумавацца не паспееш, як мы вернемся!
З аўтавакзала адразу накіраваліся на работу да Івана Пятровіча, бо ведалі, што яго значна прасцей сустрэць на працоўным месцы, чым дома, ён амаль жыў у сваёй лабараторыі. Іх разлік аказаўся правільным — прафесар быў на рабоце. Хлопцы ўзрушана расказалі пра шчасліўчыка Юрася, якому быццам бы ўдалося пабачыць папараць-кветку і паведамілі, як Лёня выпадкова праваліўся ў яму, якая аказалася сакрэтнай лабараторыяй. У пацверджанне сваіх слоў яны паклалі перад Іванам Пятровічам дзённік.
— Вы, хлопцы, зашмат сасновым водарам надыхаліся, ды казак нанач ад бабулі наслухаліся! – пажартаваў прафесар. – Толькі не расказвайце свайму настаўніку па біялогіі, што папараць можа цвісці, бо атрымаеце па “адзінцы”!
— Іван Пятровіч, вы толькі паглядзіце на тое, што тут напісана! – папрасіў Лёня. – На малюнкі звярніце ўвагу…
Лёня адкрыў дзённік і паклаў перад прафесарам.
— Хлопцы, ідзіце лепей дадому, мне працаваць трэба! – ён адсунуў сшытак і адвярнуўся, даючы зразумець, што развітаўся з гасцямі.
— Ну, што ж, да пабачэння! – паціснуў плячыма Лёня і накіраваўся да выхаду, пацягнуўшы за сабой брата.
— А… – Андрэй хацеў сказаць, што яны забыліся забраць дзённік, але Лёня папераджальна цыкнуў, маўляў, маўчы!
Сшытак на стале прафесара быў забыты наўмысна і, як высветлілася некалькімі гадзінамі пазней, не дарэмна. Іван Пятровіч прыймчаўся да братоў Ліпніцкіх, вочы яго гарэлі, валасы абыякава тырчалі ва ўсе бакі.
— Дзе вы знайшлі гэта? – ён трос дзённікам. – Паказаць зможаце?
Наступнай раніцай той самы скасабочаны аўтобус прывёз у Сасноўку Лёню, Андрэя і Івана Пятровіча. Цэлымі днямі хлопцы разам з прафесарам прападалі ў сакрэтнай лабараторыі. Адзін з братоў, часцей гэту місію выконваў Андрэй, дзяжурыў на ўваходзе, каб папярэдзіць, калі раптам з’явіцца гаспадар зямлянкі. Ішлі дні, тыдні, але акрамя Лёні, Андрэя і Івана Пятровіча ў лабараторыю ніхто не прыходзіў.
Па вёсцы прайшла навіна, што Юрась займеў свой бізнес, наняў на работу дзесяткі працаўнікоў і ўсё яму ўдаецца, усё ладзіцца ды множыцца.
Да канца лета прафесар “чараваў” з дапамогай мікраскопа, колбаў, пінцэтаў і яшчэ шматлікіх прылад. Лёня дапамагаў Івану Пятровічу, Андрэй толькі назіраў.
У канцы жніўня ўнукам прыйшлося развітвацца з бабуляй Настай і вяртацца дадому. Школа чакала, дзесяты клас. Хлопцы разам з прафесарам паехалі. Праца перанеслася ў лабараторыю Івана Пятровіча.
— Лёня, растлумач ты мне, калі ласка, атрымліваецца там што-небудзь? – прасіў брата Андрэй.
— Цяжкая гэта справа. Разумееш, папараць — расліна споравая, значыцца, саміх органаў кветкі не мае. Прафесар спрабуе выклікаць мутацыю, памяняць ген, які адказвае за развіццё органаў размнажэння.
— Не вельмі разумею…
— Іван Пятровіч хоча ў храмасому папараці ўвесці ген іншай расліны, які будзе адказваць за цвяценне. А тут не любая кветка падыдзе, патрэбна стрэлкавае квітненне. Бадай, самы прыгожы від, які можа падыйсці — гэта лілея. Прафесар мусіць зрабіць яе чырвонай!
— Як хочацца пабачыць такое хараство! – прашаптаў Андрэй.
— Наш Іван Пятровіч, як сапраўды апантаны навукай чалавек, вырашыў пайсці яшчэ далей! – па-змоўніцку падміргнуў Лёня. – Ён дадасць яшчэ і, калі я правільна запомніў назву, флюарысцэнтныя гены!
— А гэта што? – пачухаў патыліцу Андрэй. – Для чаго гэтыя гены?
— Наша папараць-кветка будзе вылучаць прыгожы неонавы свет!
— Самая сапраўдная казачная кветка! А што, калі яна раней існавала? Таму і легенда з’явілася?! – зрабіў адкрыццё Андрэй.
— Не! Сама па сабе папараць цвісці не здатная, але тут ёй дапаможа генная інжэнерыя! Андрэй, мы будзем першыя, хто пабачыць не казачную, а рэальную папараць-кветку!
— Ты забыўся, што прафесар працуе па распрацоўках “некага”? Юрась, мабыць, усё гэта ўжо пабачыў, толькі маўчыць. Ён пра папараць-кветку спецыяльна сказаў, каб усе падумалі, што ён жартуе і не здагадаліся, што так яно і было! – выказаў меркаванне Андрэй.
— Гэта неважна! – махнуў рукой Лёня. – Калі наша папараць зацвіце, мы таксама станем шчаслівымі і багатымі!
— Прафесар зможа зарабіць каласальныя грошы, ён жа ўсё жыццё за капейкі працаваў. – Разважаў Андрэй.
— Ён пра грошы і не думае! – хмыкнуў Лёня. – Для яго гэта кветка — адкрыццё ў навуцы. А вось мы, як толькі разбагацеем, адразу купім яму ўласную лабараторыю. Колькі шчасця ў чалавека будзе!
— Маму з татам адпачываць адправім! Лепшыя гатэлі, білет на самалёт толькі бізнес-класу… А–мо, яны б у круіз захацелі?
— Не думаю, мама вады баіцца. А я б заняўся рамонтам у нашай кватэры. – Марыў Лёня. – Усё самае лепшае і джакузі ў ванну. А для школы камп’ютэрны клас новы… Во б усе парадаваліся!
— А я б запрасіў Наташу С. з 9 “Б” ў лепшы рэстаран… – Прызнаўся Андрэй.
— Адна дробязь! – нагадаў Лёня. – Папараць-кветка пакуль не зацвіла!
Браты неахвотна вярнуліся ў рэальнасць.
І вось аднойчы, калі пасля ўрокаў Лёня і Андрэй прыйшлі ў лабараторыю да прафесара, ён усхвалявана прашаптаў:
— Хлопцы! Сёння! Сёння, альбо ніколі мы пабачым папараць-кветку!
Ён прывёў братоў у патаемны куток свайго кабінету, дзе ў цішы лабараторыі, пад уплывам генетычных пераменаў, на доўгай сцябліне асцярожна выпусціла кветку папараць…
Да таго імгнення, калі папараць-кветка раскрые свой чароўны чырвоны бутон, здатны выпраменьваць неонавае святло, засталіся лічаныя хвіліны…
У гэты час кожны думаў аб сваім: прафесар Іван Пятровіч марыў аб тым, каб навука зрабіла новы крок у геннай інжэнерыі, а браты-блізняты Ліпніцкія думалі пра прыватную лабараторяю, якую маглі б падарыць генію беларускай навукі, прафесару Івану Пятровічу М.; пра падарожжа бацькоў, аб якім яны марылі з тае гадзіны, як пабраліся; аб новым камп’ютэрным класе; аб рамантычнай вячэры ў лепшым сталічным рэстаране з Наташай С…
А папараць-кветка сціпла расла і распускала свае чырвоныя пялёсткі, якія свяціліся загадкавым неонавым светам… І гэта казачнае чароўнае імгненне не прапусцілі Лёня, Андрэй і Іван Пятровіч. Цуд прыроды, крыху удасканалены чалавечым розумам, нерашуча раскрыў сваю пунсовую кветачку. Але, як спрадвеку было апісана ў паданні, на адно толькі імгненне… Тры чалавекі на Планеце, у цэнтры Зямлі Беларускай, пабачылі тое, што ніхто і ніколі не бачыў — папараць-кавека цвіла… Свяцілася чырвона-неонавым святлом!
Зачараваная ўсмешка застыла на вуснах Прафесара, у вачах братоў-блізнят прамільгнула ўзвышана-здзіўленая ўсмешка радасці. А праз адно імгненне ўсё скончылася: папараць-кветка пацямнела, стала попелам і абсыпалася на стол лабараторыі госткай чорнай перагарэлай паперы. Зялёныя пярэстарассечаныя лісты папараці сіратліва пагойдваліся на гнуткіх сцяблінах. Здавалася, нішто не нагадвала аб тым, што ўсяго толькі хвіліну таму тут цвіла казачная папараць-кветка.
— Рана! – прашаптаў прафесар Іван Пятровіч. – Пакуль рана, але я ведаю, што гэта магчыма! Цяпер мне вядома, як цвіце папараць…
— Лёня! Пойдзем па латэрэйныя білеты! – прашаптаў Андрэй.
І кожны заняўся сваёй справай: прафесар думаў над тым, якія гены дадаць, як удасканаліць папараць-кветку, хлопцы пабеглі па латэрэйныя білеты…
* * *
Ні па аднаму з пяці білетаў Андрэй з Лёням нічога не выйгралі. Прафесар Іван Пятровіч загарнуў попел кветкі ў палатняны мяшэчак і павесіў на шыю, бы талісман. Ён марыў паўтарыць эксперымент з геннай мутацыяй папараці па распрацаваных схемах, але… Дзённік “некага” знік сам па сабе.
Сябра прафесара, уфолаг Філіп Маркавіч, падазраваў, што гаспадарамі сакрэтнай лясной лабараторыі, якая таксама знікла, ператварылася ў самую звычайную яму, былі не хто іншыя, як жыхары дальніх, невядомых зямлянам планет. Менавіта яны і пастараліся “замесці сляды”, знішчыць свой дзённік са схемамі і распрацоўкамі, інакш хто ж яшчэ мог так бясследна… Няўрымсны Іван Пятровіч распачаў даследчую працу зноўку, а браты Ліпніцкія скончылі школу, паступілі ва ўнівесітэт і звязалі сваю будучыню з геннай інжэнерыяй. Спадзяюцца знайсці шляхі ўвасаблення сваёй юнацкай мары: стварыць, хоць бы і ў лабараторыі, Папараць-кветку…
Дакладнае адлюстраванне папараць-кветкі, якую давялося пабачыць Лёню і Андрэю на свае вочы, яны ўгледзелі ў сваёй бабулі: яна спляла яе з бісеру, кропля ў кроплю.
— А ты дзе такую кветку бачыла? – дзівіліся ўнукі.
— Ды пасля ўсіх размоў пра Юрасевы прыгоды… прысніла!
— Жывое ўвасабленне! – толькі і маглі сказаць Лёня і Андрэй.
А хваля поспеху, якая ў свой час падхапіла Юрася, дасягнула берагу. Цяпер яму далёка не заўсёды шанцуе. Бізнесам кіруюць не толькі законы Фартуны. Належнае шчаслівым лёсам месца яму ўдалося заняць, а ў далейшым — сур’ёзная праца. Так што папараць-кветка — па-ранейшаму застаецца толькі легендай. Фартуна час ад часу ўсміхаецца кожнаму, важна ўмець заўважыць яе ўсмешку!
Лёня і Андрэй пайшлі іншай сцежкай, дакладней, цяжкай дарогай навукоўцаў. Але ў будучыні, для тых, хто імкнецца, шляхі адкрыты. Як і заўсёды…
Добавить комментарий