Эх, калядачкі! Бадай самыя вясёлыя святы. Спрадвеку людзі звязвалі з гэтымі днямі самыя чароўныя і незвычайныя падзеі. Гулялі, спявалі песні, калядавалі і, вядома ж, варажылі. Вяскоўцы падчас каляд адпачывалі з асаблівай асалодай, бо меншаў кругазварот гаспадарчых спраў і заканчваўся пост, а значыць, можна было ад душы павесяліцца, пакалядаваць, а мо і сватоў дачакацца!
Адну цікавую калядную гісторыю распавяла мне бабуля-суседка Настасся. Паўстагоддзя мінула з тых часоў, як адбыліся падзеі, пра якія хачу расказаць, але былі яны такімі значнымі, што і на сённяшнія дні ўплываюць.
Зіма была на снег багатая ды на маразы шчодрая, добра адчувалася, чаму першы месяц года называецца “студзень”. Рыпучыя снежныя гурбы ўжо ледзь вокны не пазамяталі, а завея ўсё падсыпае свайго белага скарбу. А мароз усё патрэсквае, быццам палохае людзей, маўляў, не выходзь з дому… Ды моладзь вясковая ніякай халадэчы не баіцца! Не зможа нейкая там завея адмяніць святкаванне каляд! Пабралі хлопцы санкі ды дзяўчат паклікалі:
— Пойдзем з гары катацца!
Дзяўчатам дома не сядзіцца, апранаюцца і бягом з хаты. У той вёсцы хлопцаў было ў ці не ў тры разы больш чым іх, прыгажунь, таму толькі выбірай з кім пакатацца!
Весялілася моладзь так, што на ўсю вёску чуўся смех, свіст ды жартаўлівы дзявочы віск. І на лютым марозе, пакуль столькі разоў узбяжыш на гару, потым з’едзеш уніз, то добра ўгрэешся. Аж горача стала хлопцам і дзяўчатам. Мабыць, і завея, гледзячы на іх, павесялела і забылася на свае справы, бо перастаў ісці снег, супакоіўся вецер, а неўзабаве з-за аблокаў паказалася сонца.
— Мо хопіць катацца, хадзем калядаваць! – бадзёра прапанаваў хтосьці з хлопцаў. – Дзяўчаты, песні калядныя памятаеце?!
— А вы падпяваць будзеце, ды мех з накалядаванымі пачастункамі насіць, згода? – запыталіся дзяўчаты.
— Тады бяжым хутчэй!
Радасна сустракалі моладзь у кожнай хаце. З задавальненнем гаспадары слухалі калядныя песні, удзельнічалі ў гульнях, шчодра ўзнагароджвалі самымі смачнымі ласункамі. Адчувалася свята ва ўсіх сем’ях, гучала яно па ўсёй вёсцы.
Ужо ў прыцемках выйшлі калядоўшчыкі з апошняй хаты.
— Важкі мех! – сказаў хлопец Мікола, які нёс амаль поўную палатняную торбу. – Шчодры стол атрымаецца!
— Хадзем да нас святкаваць! – прапанаваў Антось. – Бацькі да сваякоў паехалі, таму можам частавацца і танцаваць хоць да раніцы!
З песнямі ды жартамі рушыла моладзь у Антосеву хату. Пакуль хлопцы печ распалілі, ды лаўкі паставілі, дзяўчаты калядны стол накрылі. Падсілкаваліся калядоўшчыкі, пагаманілі. Узяў Антось гармонік і зайграў вясёлую польку. Падхапіліся хлопцы, а за імі дзяўчаты ды й пусціліся ў скокі. Да позняга вечара не змаўкала музыка. І як жа хораша было на той вясковай вечарыне!
— Ну дзяўчаты, пара дадому! – нагадала Настасся.
— Куды вы так спяшаецеся? – успудзіліся хлопцы. – Давайце яшчэ пагуляем!
— Не-не! Пара дадому, ёсць у нас важныя справы! – махнула рукой Настачка. – А вы сабе гуляйце!
— Што ж за важныя справы? – пацікавіліся хлопцы.
— Варажыць будзем! – пасмяяліся дзяўчаты. – Хочацца даведацца, за каго замуж пойдзем!
Развіталіся яны і пайшлі. Вечарына на тым і скончылася. Усе дзяўчаты па сваіх хатах разышліся, а чатыры сяброўкі – Настасся, Таццяна, Алена і Марыя – сапраўды варажыць надумалі.
— Хадзем да нас! – паклікала Настасся. – Бацькі даўно спаць паляглі, а мы на кухні збяромся.
Запалілі дзяўчаты свечкі і паселі за стол.
— Ну, хто як варажыць умее? – запытала Настачка.
— Можна расплаўлены воск у ваду ліць і глядзець, што нагадвае атрыманая фігура! – успомніла Алена.
Дзяўчаты прынеслі міску з вадой і пачалі варажыць. У атрыманых фігурах уяўленне малявала самыя мудрагелістыя вобразы.
— Хто ведае іншы спосаб? – пацікавілася Алена, калі надакучыла разглядаць воск.
— Я на картах варажыць умею! – сказала Таццяна. – Магу сказаць, збудзецца задуманае жаданне ці не.
Настасся прынесла карты і сяброўкі пачалі загадваць жаданні
— Далей што? – спыталася Настасся, прымаючы карты ў шафу.
— Можна даведацца, ці выйдзеш замуж у гэтым годзе! – хітра падміргнула Марыйка. – Ёсць дакладны спосаб!
— Што трэба рабіць? – зацікавіліся сяброўкі.
— Пабегчы ў пуню і схапіць адразу ахапак дроў. Прынесці ў хату і палічыць. Тая, у каго будзе цотная колькасць – выйдзе замуж, у каго няцотная – чакаць наступнага года.
Пабеглі дзяўчаты ў пуню і набралі дроў. Палічылі.
— Няўжо ўсе замуж павыходзім? – недаверліва-радасна паціснула плячыма Марыйка. – Чатыры вяселлі адгуляем!
— Калі гэта праўда! – нагадала Алена.
Раптам пачуўся ціхуткі стук у шыбіну. Ад нечаканасці дзяўчаты аж падскочылі.
— Страшна! Хто там прыйшоў?! – прашаптала Таццяна.
— Хадзем ўсе разам паглядзім! – паклікала Настасся.
Але сяброўкі так напалохаліся, што адмовіліся выходзіць з пакою.
— Якія баязлівыя! А я пайду і пагляджу! – рашуча сказала Настачка.
Накінула паліто і выйшла. Не было яе хвіліны дзве. Вярнулася і паведаміла:
— Завітаў да нас незнаёмец з нейкай суседняй вёскі. Просіць вады напіцца, а ў падзяку прапануе паваражыць. Хто хоча?
— Неяк боязна… – шапталі дзяўчаты.
— Ён чакае ў сенцах. Я пайду першая, а вы падумайце.
Настасся ўзяла кубак вады, свечку і выйшла ў сенцы. Там, на лаўцы сядзеў захутаны ў кажух мужчына. Выпіў незнаёмец вады і сказаў:
— Дзякую, Настасся! – хрыплым голасам падзякаваў госць.
— Адкуль Вы ведаеце, як мяне завуць?
— Я ўсё ведаю. Напрыклад, як улетку ты бацькаву новенькую касу зламала, а прызнацца баялася. Тады табе Мікола дапамог. Памятаеш, як ён памяняў табе паламаную на цэлую.
— Памятаю…
— Адзін пацалунак прасіў няшчасны хлопец за новую касу, а ты так і не згадзілася…
— Я саромелася… Галоўнае, што “дзякуй”сказаць не забылася!
— А як бацькі па суніцы адправілі, а ты з сяброўкамі на рэчцы паўдня прагуляла, памятаеш? А потым дождж пайшоў. Якія там суніцы… Але і тут табе Мікола дапамог: са свайго кошыка больш чым палову адсыпаў.
— Ён што хочаш зробіць, толькі б пацалавацца! – махнула рукой Настачка.
— Слухай уважліва. Тое, што вы з сяброўкамі наваражылі, што замуж пойдзеце – праўда. Галоўнае правільны выбар зрабіць У гэтым магу дапамагчы. Паслухаецеся – шчаслівымі будзеце.
— А што рабіць? – зацікавілася Настасся.
— Я зраблю так, што гэтай ноччу ў вашу хату прыйдуць чатыры хлопцы. Хто прыйдзе першым – стане мужам Алены, другі – Таццяны, трэці возьме замуж Марыю, а з чацвёрты цябе. Запамятала?
— Ага…
— А зараз мне пара. Бывай.
Незнаёмец падняўся і пайшоў. Настасся вярнулася да сябровак і расказала хто павінен прыйсці. Дзяўчаты напружана чакалі. Неўзабаве сапраўды нехта пасукаў у дзверы. Гаспадыня адчыніла і на парозе з’явіўся Васіль. Алена засмучана ўсміхнулася і запрасіла хлопца прысесці побач. Праз колькі часу з’явіўся другі госць. Прыйшоў Кастусь, даўно ўпадабаны Таццянай. Трэцім завітаў Антось, даўнішні прыхільнік Марыі.
Чацвёртага ніяк не было. Настасся хвалявалася, паглядвала то на гадзіннік, на шчаслівых сябровак. Нарэшце стукнулі дзверы і ў пакой зайшоў Мікола.
— Вось дык справы… – прашаптала Настачка.
Варажба спраўдзілася. Усе згаданыя пары ў тым годзе ажаніліся. Як і абяцаў незнаёмец, жылі яны шчасліва. Неяк на каляды, гадоў праз сем, Настасся завіхалася на кухні. У шыбіну пастукалі. Гаспадыня выйшла ў сенцы і ўбачыла таго самага незнаёмца.
— Як жыццё, Настасся? – пачуўся хрыплы голас.
— Добра. Вы зноў па ваду?
— Не, я хачу пажадаць, каб у наступным годзе ў вашай сям’і нарадзілася другое дзіцятка.
— А паваражыць можаце? – запыталася Настасся.
— Ды не ўмею я!
— Як так? – здзівілася гаспадыня.
Незнаёмец скінуў шапку і кажух і… перад Настачкай стаяў яе Мікола.
— Ты?!! – піскнула жонка.
— Я! – засмяяўся муж.
— А тады таксама ты?..
— Таксама я. Задумалі мы з хлопцамі з вамі ажаніцца. А як было астатніх прэтэндэнтаў абысці? Вакол кожнай з вас па некалькі жаніхоў круцілася! Што каб каго іншага выбралі? Вось і вырашылі вас падштурхнуць. Як вынік – усе шчаслівыя, усе закаханыя!
Засмяялася Настачка, абняла Міколу і сказала:
— Што праўда, то праўда! Але ж якія хітрыя…
Добавить комментарий