Я старанна працаваў —
Снежныя камы качаў.
З трох шароў маіх узнік
Сімпатычны снегавік.
Толькі моркву-нос уткнуў —
Снегавік мне падміргнуў:
“Ну, маўляў, здарова, брат!
Сябру я такому рад!”
Ён спытаўся у мяне
Колькі быць яшчэ зіме.
Адказаў па-праўдзе я:
“Застаецца тыдні два!”
Унурыўся снегавік —
Хутка прыйдзе сакавік!
Разам з ім цяпло, вясна
Ад яе ж загіну я…
Стаў я думаць, выдумляць,
Як мне сябра ратаваць.
Добры план у мяне ўзнік,
Каб не знік мой снегавік.
Узяў я бочку, падкаціў,
Сябрука туды ўсадзіў.
“Маю добрыя я планы —
Будзе дружа ўратаваны!”
У бочцы будзеш ты стаяць,
Надыход вясны чакаць.
Промняў сонца ты не бойся,
Хай растанеш — супакойся.
Станеш ты вадой — не снегам,
Будзеш дожджыку калегам.
У іншым агрэгатным стане
Табе будзе ўратаванне.
Той вадою я зямлю
Шчодра конаўкай паллю.
І падымецца з палеткаў
Шмат прыгожых дзіўных кветак.
Выпарэннямі ад глебы
Ты ўзнімешся ў неба.
Станеш кропляй дажджавою —
Зноў сустрэнемся з табою.
А зімой сняжком пухнатым
Ты прысядзеш каля хаты.
Я скачаю тры камы
Зноўку будзем разам мы!
Пагадзіўся снегавік:
“Хай прыходзіць сакавік!
Падабаецца мне план
Мяняць свой агрэгатны стан!”
Добавить комментарий