Author Archives: Народная газета

14 жніўня — Мядовы Спас

Чатырнаццатага жніўня адзначаецца Макавей (Макаўе, Першы Спас, Спас Мядовік) – свята маку і мёду. Мядовы Спас – найперш свята пчаляроў. Лічылася, што калi пчаляр у гэты дзень не асвецiць крыху мёду ў царкве, то суседскiя пчолы «выцягнуць» у яго ўвесь мёд. Казалі таксама, што той, хто нарадзiўся ў гэты дзень, будзе добрым пчаляром.

– Наша сям’я строга прытрымліваецца старадаўніх традыцый. Напярэдадні свята абавязкова напальваем лазню, каб чыстым уступіць у новы дзень. Дастаём рамкі з мёдам. Лепім свечкі з воску, якія бяром з сабою ў царкву, – расказвае пра мясцовыя звычаі краязнаўца і заўзяты пчаляр з вёскі Судзілы Клімавіцкага раёна Аляксандр Галкоўскі.

— Перад тым як свяшчэннік пачынае службу, я стаўлю тры свечкі: за продкаў, за будучае і сучаснае. Назіраю за імі. Калі яны гараць ярка і добра, то і ўраджай мёду будзе багаты, а пчолы перазімуюць няблага. Стоячы перад абразамі, паўтараю вось гэтыя словы: “Дай, Божа, на лета моцных пчол, няважаннага воску, нямеранага мёду і нялічаных раёў; здароўя мне, маёй сям’і і ўсім добрым людзям”.

— Пасля таго як мёд асвяцілі, частую сотамі прыхаджан. Калі прыязджаю з царквы, то ўсе сваякі збіраюцца за святочным сталом. Запальваем свечкі і пачынаем есці, — дзеліцца традыцыямі святкавання Аляксандр Мікалаевіч.

Continue reading »