Юшка рыбацкая з бульбай
400 г свежай рачной рыбы, 1 морква, 1-2 цыбуліны, 2 бульбіны, соль, перац.
Рыбу ачысціць ад лускі, выпатрашыць, пакласці ў рондаль, заліць халоднай вадой. Калі вада закіпіць, дадаць нарэзаныя кубікамі моркву, бульбу, цыбулю, соль, перац, варыць на невялікім агні да гатоўнасці.
«Пакаштуйце – смачна», Тамара і Ўладзімір Рэўтовічы, Мінск, Полымя, 1993 г.
Галкі рыбныя
800 г рыбы, 2-3 лустачкі чэрствай булкі, 2 цыбуліны, 1 ст. лыжка алею, 1 морква, 0,5 ч. лыжкі цукру, соль, перац.
Рыбу некалькіх сартоў (траску, скумбрыю, стаўрыду і інш.) ачысціць, выпатрашыць, прамыць. Мякаць рыбы аддзяліць ад касцей, прапусціць праз мясарубку два разы — другі раз разам з цыбуляй і булкай, замочанай у вадзе або малацэ. Дадаць яйка, алей, соль, перац, добра вымешаць. З атрыманай масы сфармаваць галкі.
На дно рондаля пакласці рыбныя галовы, плаўнікі, косткі, нарэзаную кружкамі моркву, шалупінне ад цыбулі, соль, цукар, уліць ваду (каля 0,75 л). Калі вада закіпіць, апусціць у яе галкі і варыць на слабым агні 1 гадзіну.
Падаць разам з соўсам, у якім гатаваліся галкі (можна гарачымі і халоднымі).
«Пакаштуйце – смачна», Тамара і Ўладзімір Рэўтовічы, Мінск, Полымя, 1993 г.
Карп фаршыраваны
1 карп (1 кг), 2-3 лустачкі чэрствай булкі, 3 цыбуліны, 0,5 ч. лыжкі цукру, 1 яйка, 1 ст. лыжка алею, 1 морква, 0,5 бурака, соль, перац.
Ачышчаную, выпатрашаную і прамытую рыбу нарэзаць кавалкамі. Вузкім вострым нажом выразаць з іх мякаць такім чынам, каб не пашкодзіць скуру і пакінуць хрыбтовую костку. Мякаць рыбы разам з замочанай у вадзе або малацэ булкай, дзвюма цыбулінамі прапусціць праз мясарубку. Дадаць яйка, соль, перац, цукар, алей, добра перамяшаць, потым узбіць лыжкай. Атрыманым фаршам запоўніць кавалкі рыбы, у тым ліку і галаву (пад жаберныя шчыліны).
На дно рондаля пакласці сырыя ачышчаныя і нарэзаныя скрылькамі буракі, моркву, цыбулю, пасыпаць соллю і перцам, зверху пакласці кавалкі рыбы, уліць халодную ваду (прыкладна 2/3 аб’ёму), каб яна амаль пакрыла рыбу, і варыць не менш за 2 гадзіны. Падаць ахалоджанай разам з агароднінай, з якой гатавалася рыба.
«Пакаштуйце – смачна», Тамара і Ўладзімір Рэўтовічы, Мінск, Полымя, 1993 г.
Рыба, тушаная з яблыкамі
600 г рыбы, 5 яблыкаў, 1 цыбуліна, 1 шклянка смятаны, 1 ч. лыжка тлушчу, соль, перац.
Падрыхтаваную рыбу (карп, траска, камбала і інш.) нарэзаць кавалкамі, ачышчаныя ад скуркі і асяродка яблыкі — скрылькамі, цыбулю нашаткаваць. На патэльню, змазаную тлушчам, пакласці кавалкі рыбы, на яе — яблыкі, зверху — цыбулю, дадаць соль, перац, уліць невялікую колькасць вады і патушыць пад накрыўкай.
Калі рыба будзе гатова, выняць яе. Яблыкі і цыбулю працерці праз друшляк, уліць смятану і давесці да кіпення.
Падаць рыбу разам з атрыманым соўсам.
«Пакаштуйце – смачна», Тамара і Ўладзімір Рэўтовічы, Мінск, Полымя, 1993 г.
Рыбнік
300 г рыбнага філе, 50 г чэрствага белага хлеба, 1 яйка, 1 цыбуліна, 0,5 шклянкі малака, 1 ч лыжка сметанковага масла, 1 ст. лыжка алею, соль, перац, лаўровы ліст.
Філе рыбы, замочаны ў малацэ і адціснуты белы хлеб, ачышчаную цыбулю двойчы прапусціць праз мясарубку. Дадаць яйка, соль, перац, сметанковае масла, алей і вымешваць да ўтварэння пышнай масы. Выкласці яе на пракіпячоную паркалёвую сурвэтку, надаць форму рыбіны, загарнуць. Перакласці ў рондаль адпаведнай формы, заліць падсоленай вадой і варыць на слабым агні каля 20 хвілін.
«Пакаштуйце – смачна», Тамара і Ўладзімір Рэўтовічы, Мінск, Полымя, 1993 г.
Запяканка з рыбы
500 г рыбы (карп, лінь), 500 г бульбы, 3-4 ст. лыжкі алею, 0,5 шклянкі смятаны, 1 цыбуліна, 1 ст. лыжка мукі, соль, перац, зелень.
Падрыхтаваную рыбу парэзаць на кавалкі, пасыпаць соллю, перцам, укачаць у муку і абсмажыць на алеі з абодвух бакоў. Памытую бульбу зварыць, абабраць, змяльчыць на буйной тарцы. Асобна абсмажыць дробна нарэзаную цыбулю.
У жароўню, змазаную алеем, пакласці палову падрыхтаванай бульбы, на яе — кавалкі рыбы, пасыпаць яе цыбуляй, зверху — зноў слой бульбы. Усё паліць смятанай і рэштай алею. Запякаць у духоўцы 30 хвілін.
Пры падачы на стол запяканку парэзаць на кавалкі, пасыпаць дробна нарэзаным кропам.
«Пакаштуйце – смачна», Тамара і Ўладзімір Рэўтовічы, Мінск, Полымя, 1993 г.
Рыба ў таматным марынадзе
800 г рыбы (любой), 2 ст. лыжкі мукі, 2 цыбуліны, 2 морквы, 2 ст. лыжкі тамату-пюрэ, 0,5 шклянкі алею, соль, перац, лаўровы ліст.
Ачышчаную і прамытую рыбу нарэзаць кавалкамі, пасыпаць соллю, перцам, укачаць у муку, абсмажыць на алеі з абодвух бакоў.
Цыбулю дробна нарэзаць, моркву змяльчыць на буйной тарцы, разам абсмажыць на алеі, дадаць тамат-пюрэ, соль, перац, лаўровы ліст, уліць трошкі вады і тушыць 5-6 хвілін. Пакласці ў марынад кавалкі смажанай рыбы і добра прагрэць.
Рыбу ў таматным марынадзе можна падаць як у гарачым, так і ў халодным выглядзе.
«Пакаштуйце – смачна», Тамара і Ўладзімір Рэўтовічы, Мінск, Полымя, 1993 г.
Карп, запечаны з маянэзам
700 г карпа, 1-2 цыбуліны, 0,5 шклянкі маянэзу, соль, перац.
Падрыхтаваную рыбу нарэзаць кавалкамі, пасаліць, паперчыць, выкласці на патэльню, паміж кавалкамі рыбы пакласці цыбулю, нарэзаную кружкамі. Рыбу і цыбулю густа абмазаць маянэзам і запякаць у гарачай духоўцы 20-30 хвілін.
Запячы з маянэзам можна і іншую рыбу.
«Пакаштуйце – смачна», Тамара і Ўладзімір Рэўтовічы, Мінск, Полымя, 1993 г.
Карп з начынкай з грэцкай кашы
1 карп (800 г), 2 ст. лыжкі грэцкіх круп, 1 цыбуліна, 1 яйка, 1 ч. лыжка сметанковага масла, 50 г смятаны, соль, перац.
Ачышчаную, выпатрашаную і вымытую рыбіну пасаліць унутры і зверху. Зварыць рассыпістую грэцкую кашу, дадаць абсмажаную цыбулю, па смаку соль і перац, убіць яйка, перамяшаць. Кашай начыніць рыбіну (у тым ліку і галаву), выкласці яе ў пасудзіну адпаведнай формы, уліць смятану і трошкі вады. Тушыць у духоўцы на працягу 45-50 хвілін.
«Пакаштуйце – смачна», Тамара і Ўладзімір Рэўтовічы, Мінск, Полымя, 1993 г.
Сасіскі рыбныя
500 г рыбы (філе), 2 яйкі, 1-2 лустачкі белага хлеба, 0,25 шклянкі малака, алей для смажання, 1 цыбуліна, 2 ст. лыжкі мукі, 2 ст. лыжкі паніровачных сухароў, 1 ст. лыжка сметанковага масла, соль, перац.
Філе рыбы разам з замочаным у малацэ і адціснутым белым хлебам і цыбуляй двойчы прапусціць праз мясарубку. Дадаць узбітае яйка, соль, перац, старанна перамяшаць.
З рыбнай масы сфармаваць сасіскі, кожную ўкачаць у муку, абмакнуць у яйка, затым укачаць у сухары. Смажыць у вялікай колькасці алею.
Пры падачы на стол паліць распушчаным сметанковым маслам.
«Пакаштуйце – смачна», Тамара і Ўладзімір Рэўтовічы, Мінск, Полымя, 1993 г.