Дранікі, мачанка, квас ці, можа, бабка? Арганізатары конкурсу «Прадукт года-2011» шукаюць самыя пазнавальныя беларускія стравы.
У мінскім рэстаране «Камяніца» ў межах конкурсу спажывецкіх пераваг «Прадукт года-2011» прайшоў Дзень беларускай нацыянальнай кухні. Ён быў прымеркаваны да Сусветнага дня «Terra Madre» (Маці зямлі) – форуму вытворцаў натуральных, экалагічна чыстых харчовых прадуктаў з пяці кантынентаў, які праходзіць у 120 краінах. «Гэта сход фермераў, якія вырабляюць натуральныя чыстыя мясцовыя прадукты харчавання і прадаюць іх людзям па сумленнай цане», – патлумачыў старшыня аргкамітэта конкурса «Прадукт года-2011» Ігар Данілаў.
Паводле ягоных словаў, у ходзе правядзення Дня беларускай нацыянальнай кухні ўдзельнікі абмеркавалі пытанні развіцця беларускай кухні, а таксама гаварылі аб прадуктах, якія могуць быць своеасаблівымі брэндамі краіны, «якія можна будзе вывозіць за мяжу, ганарыцца імі і прасоўваць Беларусь за іх кошт».
На думку старшыні аргкамітэта «Прадукта года», акрамя традыцыйных дранікаў і бульбы, пазнавальнымі беларускімі прадуктамі ёсць мачанка, квасы, гарбаты, каўбасы ды алкагольныя напоі. «Ёсць шмат страў, якія незаслужана забыты. Мы цяпер абвяшчаем конкурс на пошук самых «правільных» беларускіх нацыянальных прадуктаў», – заявіў Данілаў.
Вынікі конкурсу «Прадукт года-2011» падвядуць у студзені 2012 г.
Добавить комментарий