19 жніўня 2011 года на Спас сумесна са Смілавіцкім храмам Георгія Пераможцы Смілавіцкі дзяржаўны аграрны каледж праводзіць ярмарку мёду. Адбудзецца яна на плошчы перад царквой у 10 гадзіне раніцы. Тут вы зможаце не толькі набыць асвечаны мёд, пчоласем’і, але і паўдзельнічаць у латарэі, дэгустацыі.
Спраўка:
Смілавіцкі дзяржаўны аграрны каледж — адзіная ў Беларусі навучальная ўстанова, якая рыхтуе спецыялістаў-пчаляроў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Спецыялізаваныя гаспадаркі, пасекі ўзначальваюць нашы выпускнікі. Галоўная адметная рыса навучальнага працэса на пчалярскім аддзяленні — моцнае спалучэнне тэорыі і практыкі, арыентаванай не толькі на адукацыйныя паказчыкі, але і на гаспадарча-фінансавыя вынікі. Вось прыклады. Навучальная пасека налічвае 100 пчаліных сямей — звыш адной на кожнага навучэнца. Гэта дазваляе яму за перыяд вучобы напрацаваць прафесійныя навыкі і ўменне. Праілюструю і другі бок дзейнасці. Сёлета атрымана каля дзвюх тон высакаякаснага мёду, які рэалізуецца ўсім жадаючым. Клопат вялікі. Пасека вандруе за лета 4-5 разоў, таму нястомныя крылатыя працаўніцы збіраюць столькі відаў гаючага нектару — на любы наш густ.
Як і пчолкі, шчыруюць у гэтай тонкай справе сумесна з навучэнцамі загадчык пасекі Вусікаў Аляксандр Аляксандравіч і выкладчык Ісаевіч Генадзь Віктаравіч.
Шаноўныя чытачы раёнкі! Запрашаем да нас! І ваша жаданне аб набыцці смілавіцкага мёду будзе задаволена. Купіце — не пашкадуеце, падмацуеце здароўе.
Таксама ў нас можна набыць і пчаліную сям”ю, вуллі па дамоўленаму кошту. Усім пакупнікам будзе дадзена бясплатная кансультацыя.
Паспрабуйце пчалярства! З нашай дапамогай абавязкова атрымаецца. Няма занятку больш карыснага для здароўя і адпачынку, чым догляд за пчоламі.
Іван ЯРАШЭВІЧ, г.п. Смілавічы, каледж
Раённы веснік
Добавить комментарий