Выпадковасцяў не бывае, альбо неяк раз пад Новы год…

Снежань абрываў з календара лісток за лістком. Апошні месяц года рыхтаваўся падарыць усім людзям адно з самых цудоўных святаў. Снежань любіць рамантыку, урачыстасць, раскошу. Вось і сёлета ён імкнуўся стварыць асаблівую атмасферу, надаць апошнім тыдням года перадсвяточны настрой. Гаспадарлівы снежань зацерушыў усё навокал бліскучым белым снегам, а пасля разагнаў хмары і прыпадняў крыху вышэй ярка-блакітнае неба. А сонца, якое кожную раніцу ўзыходзіла з-за гарызонта і велічна праплывала па небу, весела іскрылася ў кожнай сняжынцы і асвятляла шыкоўнае ўбранне Зямлі, створанае рамантычным снежнем.

Кожная сям’я рыхтавалася да сустрэчы Новага года. У крамах было надзвычай шматлюдна, бо ўсе спяшаліся набыць падарункі, ёлку, цацкі, дэлікатэсы да святочнага стала… Я назірала за гэтай мітуснёй і адчувала сябе асобна ад усіх перадсвяточных хваляванняў. У мінулым годзе я сустракала гэтае свята дома са сваімі бацькамі і малодшай сястрой. Але напачатку вясны я ўладкавалася на добрую працу і пераехала з роднай вёскі ў сталіцу. На жаль, не хапала часу на тое, каб з’ездзіць дадому, бо другога студзеня трэба быць на рабоце. У сталіцы я жыву адна, сяброўкі, якіх набыла за гэты час, адзначалі свята з роднымі. Карацей кажучы, я засталася зусім адна. Не хацелася ставіць ёлку, не было сэнсу накрываць святочны стол. Настрою аніякага… Новы год, канешне ж, прыйдзе да кожнага, і яго надыход не залежыць ад таго сустракаеш яго ці не.
І вось у мае нецікавыя і зусім несвяточныя планы на навагоднюю ноч умяшалася калега па рабоце Жэня Навіцкая:
Continue reading »

Свята ў лесе

Пазбіраліся ў бары
Птушкі ўсе і ўсе звяры.
Вырашаў лясны народ,
Як сустрэць ім Новы год.

І сказаў алень рагаты:
«Трэба стол накрыць багаты!
Кожны хай нясе ласункі –
Вось і будуць пачастункі!»

І сарока сакатала,
Свае думкі выкладала:
«Я магу для весялосці
Навагодняе спець штосьці!»

Не ўтрымаўся зайчык з краю:
«Я танцорам падыграю!
У мяне ёсць медны збан –
Будзе добры барабан!»

Разам Новы год сустрэлі:
Частаваліся і пелі,
І вадзілі карагод, –
Будуць помніць Новы год.

Сустрэча ў Віцебску

Лета мінулага года выдалася спякотным. Увесь чэрвень я правяла дома, у Баранавічах, каля маленькай рачулкі Мышанкі, якая хоць крыху ратавала ад жудаснай гарачыні. Аднастайны адпачынак надакучыў, таму я сабрала рэчы і паехала да сястры ў Віцебск. Штогод у ліпені сюды прыязджае шмат гасцей, бо менавіта тут праходзіць грандыёзны фестываль “Славянскі базар”.

Наталля, мая сястра, падрыхтавала для мяне цэлую культурную праграму — кожны дзень быў распланаваны па гадзінах! Горад пабачу, пазнаёмлюся з яго гісторыяй, пабываю ў самых цікавых месцах, завітаю ў музеі, на выставы, набуду сувеніры ў Горадзе Майстроў, а вечары правяду ў летнім амфітэатры на самых лепшых канцэртах. Упэўнена, што ўражанняў атрымаю больш чым за ўсё сваё дваццацігадовае жыццё.

Але я і ўявіць не магла, што самае прыемнае і галоўнае ўражанне напаткае мяне на першым вечаровым канцэрце, на адкрыцці “Славянскага базару.” Мы з Наталляй загадзя занялі свае месцы ў летнім амфітэатры. За некалькі хвілін да пачатку канцэрта побач са мной сеў малады чалавек. Усё! Мая ўвага скіравалася на гэтага высокага, прыгожага, абаяльнага юнака. І бывае ж такое! Я вымушала сябе не глядзець адкрыта ў яго бок, але вочы самі па сабе касавурыліся на хлопца! Ён прыйшоў з сябрам Генадзем, як я зразумела з іх размовы. Сястра аглядала публіку, сцэну, слухала аркестр, які разыгрываўся перад канцэртам, а я ўслухоўвалася ў гаворку юнакоў, якія сядзелі побач. “Які прыгожы ў яго голас, і так хораша смяецца…” – адзначала я, стараючыся не выдаваць сваёй цікаўнасці.
Падчас канцэрта адно маё вока глядзела на сцэну, а другое пазірала на суседа з правага боку. У галаве круцілася адна думка: “Няўжо пасля канцэрта мы ўстанем са сваіх крэслаў і назаўсёды Continue reading »

Сэрца восені

Вочы восені — блакітнае неба, слёзы восені — прахалодныя дажджы, голас восені — восеньскі вецер ды спевы птушак перад адлётам у вырай, сукенка восені — залатое лісце. А сэрца восені — гэта ліхтарыкі, што рассыпаліся па клумбах мільёнамі ярка-аранжавых кветачак.
Менавіта ў іх, у вогненна-рудых бутонах, форма якіх нагадвае сэрца, восень трымае свае пачуцці. І якая б ні была восень капрызная, дажджлівая, халодная, мы дакладна ведаем, што сэрца ў яе гарачае, яркае і прыгожае. І ўсё ж прыйдзе той час, калі аранжавыя кветачкі пацямнеюць ад халадэчы, іх яркая абалонка струхнее і абсыпіцца долу… Але пад тонкай сеткай у форме сэрца застанецца маленькі шарык цёплага аранжавага колеру. Гэты шарык трапіць у глебу, каб вясной паўстаць тонкай сцяблінкаю, якая будзе набірацца моцы ўсё лета, а з надыходам восені зноў расквеціць зямлю яркімі, прыгожымі, гарачымі сэрцамі Восені.

Continue reading »

Гісторыя аднаго кахання

На зямлі пануе лістапад. Сёлета ён лагодны, не спяшаецца клікаць холад ды маразы. Толькі падоўжыў цёмныя прахалодныя ночы, але дні апошняга месяца восені даволі цёплыя і сонечныя.
Дрэвы і кусты пакрыху губляюць сваю каляровую лістоту і збіраюцца заснуць з першымі маразамі аж да самай вясны. І вось у гэты час спакою і адпачынку з зялёнага кусціка на клумбе нечакана выскачыла яркая Кветачка-аксамітка. Малечу абудзіў цёплы сонечны Прамень, які любіў прысесці на зялёны кусцік і назіраць за ўсім, што робіцца навокал. Прамень сагрэў зямлю, і маленькая кветачка падумала, што прыйшла вясна. Яна выскачыла насустрач Промню і адкрыла свой яркі бутон-парасончык. Прамень закахаўся ў прыгажуню, а яшчэ ён вельмі баяўся, што з дня на дзень можа ўдарыць мароз… А бесклапотная Кветачка-аксамітка з цікавасцю пазірала навокал і радавалася таму, што прачнулася. Прамень грэў сваю выхаванку ад світанка да захода сонца. А Лістапад, які назіраў за іх трапяткімі пачуццямі, вырашыў яшчэ доўга не клікаць холад і мароз. І яго сэрца кранула гісторыя гэтага кахання.

Восеньскі вальс

Восень. Цёплая, сонечная, залатая… Шмат хто з людзей, якіх ніякім чынам нельга аднесці да рамантыкаў, бачаць у гэтай найцудоўнейшай пары года завяданне, нават смерць. Гэта не так! Восень — асаблівы перыяд, напоўнены пералівамі фарбаў, што так прыемна радуюць вока і запаўняюць душу асаблівым святлом.

У сонечныя дні неба пафарбавана ў ярка-блакітны колер, яно нібы працята залатымі сонечнымі промнямі, якія праліваюцца адразу аднекуль з вышыні і з бакоў. Сонца песціць лістоту, траву і незлічоную колькасць пярэстых восеньскіх кветак, што рассыпаліся паўсюдна, нібыта каляровыя шкельцы з чароўнага калейдаскопа Спадарыні Восені.

Быццам рыхтуючыся да балю, дрэвы апрануліся ў свае самыя раскошныя ўбранні, расшытыя золатам усемагчымых адценняў. Лёгкі ветрык ціхутка кратае салатава-зялёныя, жоўта-аранжавыя, залаціста-рудыя, пурпурна-карычневыя лапікі лісцянога адзення.
Вецер пралятае па стракатай алеі і раптам на хвіліну замірае, ашаломлены незвычайна цудоўным відовішчам. Каля ракі, любуючыся сваім адлюстраваннем, стаіць Прыгажуня. Яе тонкі стан, абвіты залатой сукенкай, зіхаціць і пераліваецца на сонцы. Сэрца Ветру схамянулася — ён закахаўся. Continue reading »