Бульба, тушаная з грыбамі

800 г бульбы, 400 г свежых грыбоў, 120 г сала або 4 ст. лыжкі топленага масла, соль, перац, лаўровы ліст, зелень пятрушкі.

Ачышчаныя і прамытыя грыбы абліць варам, парэзаць і абсмажыць на сале або масле разам з нашаткаванай цыбуляй. Бульбу абабраць, нарэзаць вялікімі скрылькамі, пакласці разам з грыбамі ў жароўню. Дадаць соль, перац, уліць ваду і тушыць на слабым агні да гатоўнасці. У канцы тушэння пакласці лаўровы ліст, зелень пятрушкі.

Замест свежых можна ўзяць сушаныя грыбы (50 г). Іх трэба загадзя замачыць, адварыць, нарэзаць і абсмажыць.

«Пакаштуйце – смачна», Тамара і Ўладзімір Рэўтовічы, Мінск, Полымя, 1993 г.

views: 125

Price: BYR0.00

Comments are closed.