Выпадковасцяў не бывае, альбо неяк раз пад Новы год…

Снежань абрываў з календара лісток за лістком. Апошні месяц года рыхтаваўся падарыць усім людзям адно з самых цудоўных святаў. Снежань любіць рамантыку, урачыстасць, раскошу. Вось і сёлета ён імкнуўся стварыць асаблівую атмасферу, надаць апошнім тыдням года перадсвяточны настрой. Гаспадарлівы снежань зацерушыў усё навокал бліскучым белым снегам, а пасля разагнаў хмары і прыпадняў крыху вышэй ярка-блакітнае неба. А сонца, якое кожную раніцу ўзыходзіла з-за гарызонта і велічна праплывала па небу, весела іскрылася ў кожнай сняжынцы і асвятляла шыкоўнае ўбранне Зямлі, створанае рамантычным снежнем.

Кожная сям’я рыхтавалася да сустрэчы Новага года. У крамах было надзвычай шматлюдна, бо ўсе спяшаліся набыць падарункі, ёлку, цацкі, дэлікатэсы да святочнага стала… Я назірала за гэтай мітуснёй і адчувала сябе асобна ад усіх перадсвяточных хваляванняў. У мінулым годзе я сустракала гэтае свята дома са сваімі бацькамі і малодшай сястрой. Але напачатку вясны я ўладкавалася на добрую працу і пераехала з роднай вёскі ў сталіцу. На жаль, не хапала часу на тое, каб з’ездзіць дадому, бо другога студзеня трэба быць на рабоце. У сталіцы я жыву адна, сяброўкі, якіх набыла за гэты час, адзначалі свята з роднымі. Карацей кажучы, я засталася зусім адна. Не хацелася ставіць ёлку, не было сэнсу накрываць святочны стол. Настрою аніякага… Новы год, канешне ж, прыйдзе да кожнага, і яго надыход не залежыць ад таго сустракаеш яго ці не.
І вось у мае нецікавыя і зусім несвяточныя планы на навагоднюю ноч умяшалася калега па рабоце Жэня Навіцкая:
— Слухай і запамінай, Вікторыя. Мы з сябрамі збіраемся сустрэць Новы год на маёй дачы ў вёсцы Бяроза. Кампанія будзе вясёлая і цікавая. Але жанчын нам не хапае! Табе можна будзе выбіраць кавалера з траіх халасцякоў.
Я падзякавала за прапанову і адмовілася, але Жэня такі адказ не прыняла. У рэшце рэшт яна мяне пераканала. Я дала згоду.
Трыццатага снежня мы з дзяўчатамі з работы вырашылі арганізаваць невялічкі “карпаратыўчык” і пайшлі ў караоке-бар. Было весела, адпачылі мы добра. А вось Жэня крыху перастаралася — яна так пела, што страціла голас. Адкрывае рот каб нешта сказаць, а ні слоўца вымавіць не можа. Пры развітанні яна напісала мне на лістку паперы: “Маршрутнае таксі № 7513 з аўтавакзала. 31 снежня, 20 гадзін, вёска Бяроза, вуліца Цэнтральная, дом 8.”
Я ўзяла з сабой сваю самую прыгожую сукенку, некалькі сувеніраў-падарункаў, шампанскае і прадукты. Ледзь дацягнула цяжкую сумку да аўтавакзала. Негледзячы на тое, што да Новага года засталіся лічаныя гадзіны, на аўтавакзале было шматлюдна. Стала зразумела, што будзе не так проста сесці ў маршрутку. Краем вуха я пачула размову дзвюх жанчын: “Давай хутчэй, Таццяна, а то месцаў не будзе, гэта ж апошняя маршрутка! Прыйдзецца нам ісці да нашай Бярозаўкі пешшу!” Жанчыны подбегам кінуліся да белага мікрааўтобуса, я паспяшалася за імі. Нам пашанцавала, мы селі, а былі пасажыры, якім давялося стаяць.
Ехалі амаль гадзіну. Выходзілі тыя жанчыны, а за імі і я. Маршрутнае таксі паспяшалася далей, а я запытала ў сваіх спадарожніц, як прайсці на Цэнтральную вуліцу. Ад прыпынку было недалёка, дом нумар восем знайшла адразу. У вокнах гарэў свет. Я ўвайшла ў хату. На кухні завіхаліся дзве маладыя жанчыны, праз адчыненыя дзверы было відаць, як у зале мужчыны ставяць ёлку. Я павіталася:
— Добры вечар! З надыходзячым святам вас!
— І вас таксама! – адказалі жанчыны.
— Мяне завуць Вікторыя. А дзе Жэня?
— Будзе пазней, затрымліваецца. Так што прыйдзецца нам тут самастойна пагаспадарыць. Дапаможаш?
— Канешне!
Я дастала прадукты, якія прывезла. Потым узяла тэлефон, каб пазваніць Жэні і сказаць, што я ўжо на месцы. Але ж яна не можа адказаць, голас пакуль што адсутнічае. Набрала sms-ку: “Я прыехала, накрываем на стол.” У адказ атрымала: “Малайцы! Мы крыху затрымліваемся, трэба пачакаць яшчэ дваіх нашых гасцей. Будзьце як дома.”
Я перанесла свае рэчы ў пакой і ўзялася дапамагаць на кухні. Утраіх мы хутка сервіравалі стол, праверылі, як смажыцца мяса, паставілі варыць бульбу. Засталося толькі пераапануцца і зрабіць макіяж. Без пятнаццаці адзінаццаць кампанія сабралася за сталом.
— Нешта доўга Жэні няма! – хваляваліся госці.
— Да апоўначы час яшчэ ёсць! – жартавалі мужчыны. – Давайце пакрыху пачнем, чаго сядзець ды любавацца на такі шыкоўны стол!
Налілі ў куфлі віна, выпілі за адыходзячы год. Прэзідэнт Расіі пачаў віншаваць краіну з надыходзячым новым годам. Я пачала непакоіцца. Нешта Жэня з гасцямі надта ўжо затрымліваецца. Наша кампанія за сталом была вясёлай, але я нікога тут не ведала, мы толькі імёны свае назвалі і ўсё. Я сядзела ціхенька, слухала расійскага прэзідэнта і паглядала на гадзіннік. Нарэшце з боем курантаў у сенцах грукнулі дзверы. У наступнае імгненне ў залу ўвайшоў мужчына.
— З’явіўся ў рэшце рэшт! З надыходзячым! А мы ўжо думалі, што давядзецца без цябе Новы год сустракаць! – жартавалі госці.
— Усім прывітанне, сябры! – адказаў госць, здымаючы куртку. – Цяпер уся кампанія ў зборы, можам пачынаць!
— Не ўся! – аказалася я. – Жэні няма, а яна пакрыўдзіцца, што на яе, на гаспадыню, забыліся! Нешта яна доўга едзе, можа што здарылася?
Усе паглядзелі на мяне. Потым на завадатара, які толькі што прайшоў.
— Прабачце, яшчэ нехта павінен падыйсці? – пацікавіўся ён.
— Добрыя ж госці, што на гаспадыню хаты забыліся! – абурылася я.
Зноў усе погляды скіраваліся на мяне.
— Я мусіць моцна змерз, бо нічога не магу ўцяміць! – паціснуў плячыма той самы госць, якога ўсе так чакалі. – Пра якую гаспадыню ідзе гаворка?
— Як гэта пра якую? – здзівілася я. – Пра Жэню Навіцкую, гаспадыню гэтай хаты!
— Нішто сабе! – усміхнуўся завадатар. – Гэта ж мая хата… Я — Жэня. Хлопцы! – звярнуўся ён да прысутных мужчын. – А чыя гэта такая прыгожая паненка-жартаўніца?
Ён кіўнуў на мяне. Усталявалася паўхвілінная паўза, потым жаночы голас адказаў:
— Гэта ж твая! Мы на кухні салаты рабілі, а яна прыйшла і сказала, што яе Жэня запрасіў. Мы абрадаваліся, што ты нарэшце знайшоў час і пазнаёміўся з такой прыгожай жанчынай…
Зноў паўза, усе ўтаропеліся ў мяне. Я адчула, як мае шчокі заліваюцца гарачай чырванню, а да вачэй падкатваюцца слёзы.
— Не ведаю, што вы павыдумвалі, але мяне сюды Жэня запрасіла! – гучна сказала я крыху дрыжачым голасам.
Потым я рэзка ўстала з-за стала, схапіла сваю сумачку, дастала з яе лісток з адрасам, які мне дала Жэня Навіцкая і працягнула паперку таму нахабніку, што занадта раскамандваўся ў чужой хаце. Ён прабег вачыма па лістку, потым паглядзеў на мяне і, хаваючы усмешку, сказаў:
— У тым і ўся справа, шаноўная госця, што Вас запрашалі ў вёску Бяроза, а прыехалі Вы ў Бярозаўку…
Пасля таго, як сэнс сказанага дайшоў да мяне, я не ведала, што рабіць. Першым памкненнем было хутчэй бегчы прэч, таму я прашаптала “прабачце, я пайду!” і кінулася забіраць свае рэчы. Гаспадар хаты Жэня пайшоў за мной. Калі мы апынуліся ў пакоі, дзе я пакінула свае сумкі, ён зачыніў за сабой дзверы і спытаўся:
— Як Вас завуць?
— Віка! – усхліпнула я, хватаючы паліто, боты ды іншае сваё дабро…
— Шаноўная Вікторыя, не трэба так хвалявацца! Я вельмі прашу Вас застацца і сустрэць Новы год у нашай кампаніі.
— Ды што вы! Мне так сорамна, што я не ведаю, куды вочы дзець!
— Які тут сорам? Я лічу, што гэта той самы шчаслівы выпадак. Для мяне…
Яго прыемны голас, шчырая інтанацыя, а яшчэ мая здагадка аб тым, што мне зараз няма як выбрацца з гэтай Бярозаўкі, вымусілі прыняць прапанову. Я дастала з сумачкі свой мабільны. Так і ёсць — званкі і дзесць непрынятых sms ад Жэні Навіцкай. Я набрала яе нумар.
— Віка, ты дзе?!! – пачуўся яе занепакоены хрыплы голас.
— Усё нармальна, Жэня, падрабязнасці раскажу пазней. Шчаслівага свята!
Я выключыла тэлефон і нерашуча паглядзела на Жэню. А ён узяў мяне за руку і павёў да гасцей. Гэта была самая лепшая навагодняя ноч у маім жыцці. Я часта думаю, як неспадзявана ўсё бывае ў жыцці. Часам спадар Лёс так складвае абставіны, што дзіву даешся. Здаецца мне, што зусім невыпадкова тым апошнім снежаньскім вечарам я пачула размову двух жанчын, што спяшаліся на маршрутку да Бярозаўкі, зусім невыпадкова не звярнула ўвагі на тое, што Бароза і Бярозаўка ўсё ж зусім розныя населеныя пункты. Зусім невыпадкова і тое, што супалі назвы вуліц і імёны гаспадароў: Жэня і Жэня… І зусім невыпадковай, а задуманай Лёсам была тая наша сустрэча. Сёлета мы з маім мужам Жэням зноў збіраем вясёлую кампанію сяброў і едзем сустракаць Новы год у Бярозаўку.

 

"Мне спадабаўся матэрыял! Пакіну спасылку ў сацыяльнай сетцы!"

1733 просмотров

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.