Восеньскі вальс

Восень. Цёплая, сонечная, залатая… Шмат хто з людзей, якіх ніякім чынам нельга аднесці да рамантыкаў, бачаць у гэтай найцудоўнейшай пары года завяданне, нават смерць. Гэта не так! Восень — асаблівы перыяд, напоўнены пералівамі фарбаў, што так прыемна радуюць вока і запаўняюць душу асаблівым святлом.

У сонечныя дні неба пафарбавана ў ярка-блакітны колер, яно нібы працята залатымі сонечнымі промнямі, якія праліваюцца адразу аднекуль з вышыні і з бакоў. Сонца песціць лістоту, траву і незлічоную колькасць пярэстых восеньскіх кветак, што рассыпаліся паўсюдна, нібыта каляровыя шкельцы з чароўнага калейдаскопа Спадарыні Восені.

Быццам рыхтуючыся да балю, дрэвы апрануліся ў свае самыя раскошныя ўбранні, расшытыя золатам усемагчымых адценняў. Лёгкі ветрык ціхутка кратае салатава-зялёныя, жоўта-аранжавыя, залаціста-рудыя, пурпурна-карычневыя лапікі лісцянога адзення.
Вецер пралятае па стракатай алеі і раптам на хвіліну замірае, ашаломлены незвычайна цудоўным відовішчам. Каля ракі, любуючыся сваім адлюстраваннем, стаіць Прыгажуня. Яе тонкі стан, абвіты залатой сукенкай, зіхаціць і пераліваецца на сонцы. Сэрца Ветру схамянулася — ён закахаўся. Бесклапотны гарэза да глыбіні душы ўражаны трапяткой прыгажосцю Бярозкі. Хвалюючыся, ён ціха падплыў да беластвольнай красуні і нясмела запрасіў на танец. Яна збянтэжана кіўнула яму, бы пагадзілася. Гучней запелі птушкі, запляскаліся хвалі ракі, зашапацела высокая трава. Гэтыя гукі зліліся ў чароўную мелодыю вальса. Вецер абхапіў стройную Бярозку і велічна закружыў. Музыка гучала ўсё гучней і хутчэй, танец доўжыўся бясконца і раптам усё сціхла. Залатыя лапікі сукенкі, сарваныя Ветрам, ціха апусціліся на траву і на блакітныя хвалі ракі, агаляючы стройны стан і пяшчотныя галінкі-плечы Прыгажуні. Яна сарамліва шапаціць астатнім лісцем, збянтэжана наракаючы на Ветра-гарэзу, а ён у захапленні любуецца яе прыгажосцю, падымаючы вакол Красуні залатыя віхуры апаўшай лістоты.

Сонца ласкава ўсміхаецца, саграваючы Бярозку цёплымі промнямі і абяцае Ветру паклапаціцца аб яго каханай. На развітанне Вецер цалуе сваю Прыгажуню і падымаецца высока-высока ў неба, каб падзякаваць Сонцу, а затым, паабяцаўшы вярнуцца, ляціць па сваіх справах далей, захаваўшы ў сэрцы мілы вобраз стройнай Бярозкі. Ён абавязкова вернецца да яе, бо Каханне скарае самыя ветраныя сэрцы.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.