Кефір супраць кефірнага прадукту, або Чым незадаволеныя бялынічане?

Людзей, якія не ўжываюць у ежу аніякіх малочных вырабаў, вельмі мала. А сярод маіх знаёмых такіх асоб зусім няма. Вось і я таксама не ўяўляю ніводнага дня без кефіру, ёгурту, ражанкі… Некалькі тыдняў не магу набыць абястлушчаны кефір у тэтрапакеце. Пастаянна заходжу ў магазін “Ластаўка”, многія іншыя гандлёвыя кропкі. Няма майго любімага прадукту! У адным з прыватных магазінаў пацікавілася ў прадаўца, чаму з паліц знік абястлушчаны кефір?

— Віны гаспадара крамы ў гэтым няма, — заўважыла работнік гандлю. – Наколькі мне вядома, абястлушчаны кефір больш не вырабляецца на ААТ “Бабуліна крынка”, як, дарэчы, і звычайны. Да таго ж, зніклі з вытворчасці і некаторыя іншыя малочныя вырабы – такія, як смятана тлустасцю 22 і 26 працэнтаў, непафасаванае сметанковае масла. Затое паступілі ў продаж новыя віды малака і кефіру. Праўда, кошт іх непамерна высокі. Да прыкладу, літр кефірнага прадукту каштуе чатыры з паловай тысячы рублёў.

Зразумела, што для такога папулярнага віду малочных вырабаў гэта даволі ўнушальная сума, заплаціць якую могуць не ўсе жыхары раёна. Адсюль і пытанні, і скаргі. Самой даводзілася быць сведкай размоў паміж прадаўцамі і пакупнікамі, падчас якіх апошнія вельмі абураліся тым фактам, што пазбаўлены магчымасці выбраць прадукт на свой густ.

— Не разумею, навошта было спыняць выпуск абястлушчанага кефіру, — заўважае 68-гадовая бялынічанка Алена Уладзіміраўна. — Асабіста мяне задавальняў яго кошт і якасць. У магазіне заўсёды набывала і малако, і кефір. Зараз жа часцей за ўсё ў кашолцы аказваецца малако, бо кефірны прадукт мне не па кішэні.

— А мяне проста абурае той факт, што ў гандлёвых кропках можна набыць смятанны прадукт толькі 12-працэнтнай тлустасці, — усхвалявана заўважае бялынічанін Анатоль Паўлавіч, разглядаючы паліцу з малочнымі вырабамі ў магазіне “Каравай”. – Можа, жанчынам, якія турбуюцца аб сваёй фігуры, ён і даспадобы, а мне нагадвае забеленую ваду. Спадзяюся, што сітуацыя зменіцца. І ўсё вернецца на кругі свая.

А вось старшыня праўлення райспажыўтаварыства Тамара Адамовіч такой упэўненасці не выказала.

— Ад райста нічога не залежыць, — адзначыла Тамара Рыгораўна. – Мы не вытворцы, а – рэалізатары. У магазінах можна набыць толькі тую прадукцыю, якая вырабляецца на малочных камбінатах. Калі кіраўніцтва ААТ “Бабуліна крынка” вырашыць аднавіць ранейшы асартымент, то і абястлушчаны кефір, і смятана 22-працэнтнай тлустасці, і непафасаванае сметанковае масла зноў з’явяцца на паліцах. Тым больш, што гэтая прадукцыя заўсёды карысталася вялікім попытам насельніцтва.

А ці плануе ААТ “Бабуліна крынка” зноў заняцца вырабам абястлушчанага кефіру і смятаны рознай тлустасці? З такім пытаннем звярнулася да спецыяліста па рэкламе прадпрыемства Кацярыны Дарафеевай.

— Справа ў тым, што з першага лістапада закрыўся на рамонт заквасачны цэх, у якім вырабляўся кефір, – паведаміла яна. – Выпуск гэтага віду малочнай прадукцыі быў спынены. Аднак з 19 снежня цэх пачаў працаваць, а таму ўвесь ранейшы асартымент малочнай прадукцыі неўзабаве з’явіцца ў продажы.

Будзем чакаць!

P.S. У мінулы панядзелак у магазінах райспажыўтаварыства з’явіліся абястлушчаны кефір і смятана 22 і 26 працэнтаў тлустасці. Гэта не магло не выклікаць станоўчых эмоцый у пакупнікоў.

— Канечне, задаволена, — заўважае бялынічанка Ніна Койда (на здымку). – Кожны пакупнік павінен набываць толькі тое, што яму найбольш падабаецца.

Іна КАРАЛЁНАК

Источник: http://zara.by/by/numbers?news_id=1067&num_ID=377

 

"Мне спадабаўся матэрыял! Пакіну спасылку ў сацыяльнай сетцы!"

742 просмотров

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *